Яўген Афнагель |
Міхаіл Пашкевіч |
Ільля Богдан |
Мікіта Сасім |
Першым пачаў выступаць адзін зь сяброў аргкамітэту па правядзеньні «Эўрапейскага маршу» Яўген Афнагель. Ён заявіў:
«Вы ведаеце, што ўчора пасол Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў дазволіў сабе некарэктныя заявы адносна таго, што ў Беларусі разьмесьцяцца расейскія вайсковыя базы, а таксама што на тэрыторыю нашай краіны зноў будзе ўведзеная ядзерная зброя. Гэта робіцца ў той час, калі Станіслава Шушкевіча вылучаюць на Нобэлеўскую прэмію міру акурат за тое, што ён вывеў зь Беларусі стратэгічную ядзерную зброю. У сувязі з гэтым мы вырашылі крыху зьмяніць лёзунгі, пад якімі пройдзе акцыя 14 кастрычніка. Марш пройдзе пад лёзунгамі: «Не — расейскім вайсковым базам, не — ядзернай зброі!» Наколькі мы разумеем гэта пазыцыя ня толькі спадара пасла, але й расейскага ўраду і асабіста прэзыдэнта Пуціна».
Акурат пасьля гэтых самых словаў усе пяцёра ўдзельнікаў прэс‑канфэрэнцыі ўзялі ў рукі партрэты Ўладзімера Пуціна і публічна парвалі іх.
Прадстаўнік незарэгістраваных «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч заклікаў беларускую дыяспару праводзіць свае акцыі пратэсту ня толькі каля будынкаў беларускіх пасольстваў, але і на цэнтральных праспэктах вялікіх гарадоў замежжа, каб ад гэтага быў большы эфэкт і грамадзкі розгалас.
Зьміцер Хведарук перасьцярог рэктараў унівэрсытэтаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб тыя не перашкаджалі моладзі ўдзельнічаць у «Эўрапейскім маршы», бо ў адваротным выпадку яны рызыкуюць трапіць у новы сьпіс неўязных на тэрыторыю Эўрасаюзу і ЗША.
Мікіта Сасім адзначыў, што ва ўсе часы моладзь была ў авангардзе змаганьня за свабоду і дэмакратыю. Тое самае цяпер адбываецца і ў Беларусі.
«Мы заклікаем усю моладзь далучыцца да акцыі, у тым ліку і сяброў БРСМ. Гэта восень будзе гарачай, бо адразу пасьля «Эўрапейскага маршу» пройдзе «Сацыяльны марш». Ня выключана, што ў самым канцы восені пачнуцца масавыя студэнцкія выступы».
Фота Юліі Дарашкевіч