Міністэрства эканомікі хоча кампэнсаваць дыспрапорцыю закупачных цэнаў на матэрыяльна‑тэхнічныя рэсурсы і сельгаспрадукцыю.

Ад студзеня да ліпеня рост валавога ўнутранага прадукту склаў 8,8 %. Грашовы прыбытак насельніцтва ў намінальным налічэньні вырас на 18 % (сярэдні заробак узьняўся да $330), у рэальным — 10,1 %. І інфляцыя склала ўсяго 4,1 %.

Карацей, не жывём, а квітнеем. Каб беларусам не раздурэць ад такой раскошы, урад вырашыў пры канцы жніўня, пакуль далёка да восеньскіх маршаў пратэсту, узьняць цэны на прадукты першай неабходнасьці.

Пра гэта аб’явіў на прэс-канфэрэнцыі ў аўторак намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч.

Малако і малочныя прадукты падаражэюць на 4 %. Адбудзецца гэта ў два этапы: на 2 % у жніўні і на гэтулькі ж цягам верасьня. Гэта выклікана ростам закупачных цэнаў на малако на 5 %.

Хлеб і хлебапрадукты таксама будуць даражэць паэтапна, агульны памер росту цэнаў складзе 2,5—3 %. Па словах намесьніка міністра, тут усё залежыць ад таго, па якой цане давядзецца закупляць пшаніцу. На гэтыя мэты давядзецца выдаткаваць каля $20 млн. — краіна мае закупіць на булкі й макарону да 200 тыс. т. пшаніцы, закупачныя цэны на якую сёньня складаюць каля $200 за тону.

Ад 28 верасьня падаражэла гарэлка. Рост цаны на гэты прадукт склаў 3 %. Сп. Адашкевіч ня стаў хаваць, што гэтая галіна харчовай прамысловасьці «характарызуецца высокай рэнтабэльнасьцю вытворчасьці», што сягае 32 %.

Уладзімер Адашкевіч адзначыў, што безь дзяржаўнай падтрымкі сельгаспрадпрыемствам не абысьціся: дыспрапорцыя росту закупачных коштаў на матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы і сельгаспрадукцыю робіць вытворчасьць апошняй нерэнтабэльнай.

Гаворачы пра падаражэньне праезду ў грамадзкім гарадзкім транспарце (з 30 жніўня на 20%), намесьнік міністра нагадаў, што апошняе падаражэньне гэтых паслуг праводзілася ў ліпені мінулага году.

«Мы не плянуем падвышаць кошт праезду больш, чым раз на год» — падкрэсьліў ён. Было адзначана, што праязныя месячныя і дэкадныя квіткі будуць даражэць адносна талёнаў удвая менш. Робіцца гэта з мэтай папулярызацыі выкарыстаньня праязных дакумэнтаў.

Каб кампэнсаваць інфляцыю, з 1 верасьня падрастуць пэнсіі, а з 1 кастрычніка павысіцца тарыфная стаўка 1-га разраду, памер якой на сёньня складае 65 000 бел. руб. Памеры росту пакуль не разгалошваюцца. Відаць, хочуць, каб гэта стала прыемным сюрпрызам купцам малака і бэнзыну.

Сямён Печанко

* * *

Ад 30 жніўня ў Менску падаражэюць квіткі

на ўсе віды грамадзкага транспарту, пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі ў філіяле «Агенцтва па распаўсюдзе білетнай прадукцыі» КУП «Мінсктранс». Цяпер поўны квіток будзе каштаваць 600 рублёў, а льготны 300, замест сёньняшніх 500 і 250 рублёў. У «Мінсктрансе» сказалі, што кошты на квіткі не павялічваліся больш за год і цяпер прыйшоў час, каб гэта зрабіць.

Старыя квіткі будуць дзейнічаць цягам дзесяці дзён. Праязныя квіткі на наступны месяц і першую дэкаду верасьня пакуль можна набыць па старых цэнах. Яшчэ не вядома, колькі будуць каштаваць новыя праязныя на месяц.

ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0