Прэса схапілася за скандальную заяву пасла Сурыкава пра магчымасьць выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі ў якасьці пляцоўкі для расейскай атамнай зброі. Між тым ягонае інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс‑Захад» цікавае перадусім «эканамічнай праграмай» расейскай экспансіі ў Беларусі. Пасол патрабуе ад беларускіх уладаў паважаць інтарэсы расійскага капіталу. Аналіз інтэрвію.

Выбар СМІ не выпадковы. Агенцтва «Інтэрфакс‑Захад» зьвязанае з расейскім «Інтэрфаксам» і блізкае да лукашэнкаўцаў. Якраз яно друкуе паведамленьні беларускага КДБ раней за фармальна «дзяржаўныя» СМІ.

Аляксандар Сурыкаў пачаў з адмазкі за нявыдачу крэдыту: «Бюджэт Расеі не крэдытуе камэрцыйных структураў. Расея ніколі не магла абяцаць такі крэдыт камэрцыйнай арганізацыі, якой ёсьць «Белтрансгаз». Для такой арганізацыі ёсьць крэдытныя гісторыі, якія адпаведна адкрываюць банкі — расейскія, беларускія [«Белгазпромбанк» — расейскі фарпост у беларускай банкаўскай сфэры. — «НН»]. І банкі напагатове. А нашто ж нам крэдытаваць камэрсантаў бюджэтнымі грашыма. ... Беларускі бок заявіў, што ёй трэба паўтара мільярда. Але [дзе] падставы для здабыцьця гэтага крэдыту. Дэфіцыту бюджэту няма, ёсьць прафіцыт».

Адразу пасьля гэтага гутарка перайшла пра цану на газ: «[у 2007 годзе] можа быць у разьбежцы ад 125 да 150 даляраў за 1000 куб. мэтраў». Цэны боскія. За «Белтрансгаз» дзякуй.

Трэцяе пытаньне было пра адвязку ад беларускага рубля ад расейскага. «Я ня бачу тут палітыкі, — пасол зрабіў добрую міну пры дрэннай гульні. — Рэальна беларускі рубель і ня быў прывязаны да дзьвюх валютаў. Я прыехаў сюды ў 2006 годзе, калі суадносіны расейскага рубля да беларускага было 1:76, а цяпер 1:84. Гэта што, 4 % калідор, як меркавалася? Не — за 10%».

Наступным было пытаньне на мільярд. Пры якіх умовах расейскія давальцы вернуцца на беларускія НПЗ?

А ня трэ было грашыць, разводзіць рукамі пасол: «Беларусь пажынае плён нявыкананага пагадненьня 1995 году пра вяртаньне 85 % мытаў на сьветлыя прадукты з нафты».

І што ж Беларусь мае зрабіць, каб загрузіць з заводы? Трэба падзяліцца з расейскім бізнэсам уласнасьцю, радзіць пасол. «У Беларусі мае быць цікавасьць у тым, каб нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы стратэгічна функцыянавалі з прагнозам на шмат гадоў наперад. ... Уласьніку — беларускай дзяржаве — [трэба] ісьці насустрач здабыўцу — нафтавіку».

А што будзе, калі Беларусь «ня пойдзе насустрач»?

«Замясьціць 20 млн тонаў нафты пасьля 2009 году, калі канчаецца дзеяньне пагадненьня [аб пастаўках нафты], калі расейскія нафтавікі страцяць цікавасьць да гэтага рынку, будзе край як складана».

Прыйдзецца тады, як цяпер літоўцам у Мажэйкі, завозіць нафту праз Клайпеду, з прычыны дзірак у нафтаправодзе «Дружба».

Мала таго: тады і беларускія трактары напаткае той жа лёс, што цукар і мяса ў 2007‑м: «Беларускія вытворцы [сельгастэхнікі] больш залежаць ад расейскага рынку, і нам бы не хацелася супрацьстаяньня».

Прычым Расея не сьпяшаецца. Можа і пачакаць. Галоўнае, каб увесь час захоўвалася прывязка беларускай эканомікі да расейскай: «Нас менш хвалюе, чым размовы скончацца, нам бы хацелася, каб гэтыя размовы былі шчырымі. Калі Беларусь бачыць патрэбу падтрымоўваць свайго вытворцу на гэтым этапе: два‑тры гады, трэба сказаць пра гэта шчыра».

Падзяліцца гандлёвымі знакамі беларускім кандытэрам не дазволяць. Хочаце працаваць — рэцэпт цеста той самы, што і бэнзіну (гл. вышэй пра нафтаперапрацоўку): «Кандытэры Расеі» цяпер прыходяць у Беларусь, выкупляюць пакеты ў прыватных асобаў і ставяць пытаньне пра частковы выкуп акцыяў у дзяржавы. Мова ідзе пра «Спартак» і сія‑тыя іншыя фабрыкі. Яны зьбіраюцца ўкласьці грошы ў гэтыя фабрыкі, мадыфікаваць іх, павялічыць аб’ём выпуску ... і стаць дыстрыб’ютарамі на расейскім рынку».

Важнасьць для Расеі ўяўляе і адкрыцьцё беларускага рынку сельгаспрадуктаў. «Мы б хацелі, каб ... міністэрствы сельскай гаспадаркі Беларусі й Расеі сталі дамаўляцца пра адзіную сыстэму падтрымкі сельгасвытворцаў».

Стварэньне беларуска‑расейскага касьмічнага комплексу: «Наяўнасьць уласнага касьмічнага апарата — гэта элемэнт прэстыжу ... не выключаюцца і разьведчыя мэты».

АЭС у Беларусі: «Мы ня ставім палітычных умоваў, зьвязаных з пабудовай АЭС».

Пагадненьне пра стварэньне Адзінай сыстэмы СПА Беларусі й Расеі меркавалася падпісаць у канцы мінулага году. «Усё было гатова да падпісаньня. ... Толькі ў падпісанта зь беларускага боку не было паўнамоцтваў. І гэтыя паўнамоцтвы ніяк не зьяўляюцца. Мы нічога не адракліся. Мы разумеем, што сытуацыя так склалася, што беларускі бок думае. Пазыцыя расейскага боку не зьмянілася».

Карацей, мы пачакаем, мы ня гордыя.

Пакуль доля Расеі ў замежным гандлі Беларусі складае 48,3 % (у экспарце 36,7 %, імпарце — 58,1 %), можна і пачакаць. Нікуды такая краіна ня дзеліцца. Калі ва Ўкраіне на долю Расеі прыпадае 27 % замежнага гандлю, а ў Латвіі — 8, то гэтыя краіны могуць пачувацца вальней.

Расейская дзяржава абараняе інтарэсы расейскага капіталу. І яе паўнамоцны пасол яго пакорны слуга.

Сваё заданьне яны ў Беларусі на сёньня яны бачаць у захаваньні прывязкі беларускіх прадпрыемстваў да расейскіх карпарацый. Пры гэтым, мяркуюць яны, з часам усё роўна будуць узьнікаць нагоды здабыць іх ва ўласнасьць. Лукашэнка аддаў «Белтрансгаз» і Мотавелазавод, аддасьць і іншыя аб’екты, мяркуе Расея.

Кіраўнік Беларусі лічыць патрэбным гучна выступаць? Хай выступае колькі хоча. Хай праводзіць піяр‑акцыі па адвязцы рубля. Пакуль 70 % беларускай эканомікі застаюцца ўключаныя ў расейскія вытворчыя ланцужкі, нічога ў сутнасьці беларуска‑расійскіх адносінаў ня зьменіцца, Масква ў тым пэўная.

У гэтым адрозьненьне расійска‑беларускіх адносінаў ад расійска‑ўкраінскіх ці расійска‑малдаўскіх. Якую палітыку вяла беларуская адміністрацыя, такі вынік маем.

Інтэрвію пасла Сурыкава сканчае пару жнівеньскіх адпачынкаў. Новы навучальны год пачынаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?