Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся 10 чэрвеня ў Вільнюсе з кіраўніком грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым.

Як паведаміў БелаПАН Лябедзька, размова падчас сустрэчы ішла пра цяперашняе становішча спраў у Беларусі і перспектывы развіцця сітуацыі. Палітык зазначыў, што АГП знаходзіцца ў пастаянным кантакце з усімі дэмакратычнымі сіламі краіны, у ліку якіх і грамадзянская ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь». «Па некаторых пытаннях у нас вельмі блізкія ацэнкі сітуацыі», — падкрэсліў лідар АГП.

Лябедзька таксама пацвердзіў, што 10 чэрвеня ў Вільнюсе адбылася сустрэча кіраўнікоў сямі апазіцыйных беларускіх партый: АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, руху «За Свабоду», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і кампаніі «Гавары праўду!». Аднак раскрываць дэталі перамоў палітык адмовіўся. Не пракаментаваў ён таксама і магчымы ўдзел у гэтай сустрэчы Андрэя Саннікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?