Паводле ІТАР‑ТАСС У Расеі няма ніякіх плянаў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Пра гэта сёньня заявіў карэспандэнту ІТАР‑ТАСС амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў.

Ён адзначыў, што ягоная пазыцыя адносна разьвіцьця вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй, выказаная напярэдадні ў інтэрвію аднаму са сродкаў масавай інфармацыі, «была зусім няправільна інтэрпрэтаваная».

Разам з тым, Сурыкаў дадаў, што «Расея сапраўды сур’ёзна занепакоеная намерамі ЗША разьмясьціць ва Ўсходняй Эўропе элемэнты супрацьракетнай абароны». Пры гэтым «у выпадку ўзьнікненьня новых пагрозаў бясьпекі РФ і яе саюзьніку Беларусі, а разьмяшчэньне сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі — гэта пагрозы, могуць быць зробленыя адэкватныя захады», ‑‑ адзначыў амбасадар. «А якія канкрэтна гэта будуць захады — сваё слова павінны сказаць экспэрты: дыпляматы, вайскоўцы. Менавіта яны будуць вызначаць — што, дзе, калі, што можна, што нельга супрацьпаставіць магчымым новым пагрозам, ‑‑ сказаў Сурыкаў. Але «ніякіх плянаў разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі ў РФ няма», ‑‑ падкрэсьліў расейскі дыплямат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?