Учора на літоўска‑беларускай мяжы супрацоўнікамі КДБ і мытні была затрыманая на дзве гадзіны група гродзенскай моладзі, якая вярталася з рок‑фестывалю «Be2gether», што праходзіў у выхадныя ў літоўскім Нурвілішкісе.

Як паведаміў кіраўнік абласной суполкі Аб’яднанай грамадзянсккай партыі Юрый Істомін, кожнага з маладзёнаў даглядалі асабіста, нават перагарнулі споднюю бялізну дзяўчат, пакарыстаную на працягу 10 дзён знаходжання ў моладзевым летніку у мястэчку Электрэнай і падчас рокавага фэсту ў Нурвілішкісе.

Даглядальнікаў найперш цікавілі фота‑, відэа‑ і аўдыёматэрыялы з моладзевага летніка ў Электрынаі, які працаваў з 16 па 24 жніўня з удзелам моладзі з Гродзеншчыны і Магілёўшчыны. Аднак усе гэтыя матэрыялы былі перапраўленыя загадзя электроннай поштай ды скасаваныя. Юры Істомін сказаў, што гродзенская моладзь не схацела стаць аб’ектам правакацыі ў якім‑небудзь з чарговых прапагандысцкіх сюжэтаў Беларускага тэлебачаньня. Дольш за ўсіх даглядалі актывіста гродзенскага «Маладога фронту» Максіма Губарэвіча, які раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці нібыта за хуліганства.

Не знайшоўшы сур’ёзнага кампрамату, акрамя кніг па эканоміцы і праве, супрацоўнікі мытні папрасілі прабачэння ў затрыманых, спаслаўшыся на загад зверху.

Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0