Былы старшыня Вярхоўнага Савету 13‑га скліканьня Сямён Шарэцкі вось ужо 6 гадоў жыве ў штаце Каліфорнія ў ЗША. Ён зьехаў зь Беларусі ў 1999 годзе ў Вільню, а ў 2001 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Зараз экс‑сьпікер беларускага парлямэнту займаецца творчай дзейнасьцю, піша ў эмігранцкія выданьні артыкулы пра Беларусь ды плянуе напісаць кнігу «Прывіды й міты камунізму». Час ад часу сочыць за падзеямі на радзіме, але вяртацца туды пакуль намеру ня мае.

Сямён Шарэцкі пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Польскага радыё. Зь мі размаўляе Дзьмітры Гурневіч.

Сп. Шарэцкі, пра вас у Беларусі ўжо даўно не было чуваць. Чым вы займаліся ўсе гэтыя гады?

С. Шарэцкі: Я не працую. Мне ўжо за 70 гадоў. Я атрымліваю дапамогу ад дзяржавы, а сам займаюся творчай дзейнасьцю. Да 125‑годзьдзя з Дня нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа я напісаў артыкул «Песьняры зямлі беларускай». Неўзабаве ў кліўлэндзкай газэце «Проспект» мае быць надрукааны матэр’ял пра Рыгора Шырму.

Ці шмат у Каліфорніі беларусаў, якія займаюцца беларушчынай?

С. Шарэцкі: Тут увогуле вельмі мала беларусаў, але з тымі, хто жыве непадалёк ад мяне, то я зь імі кантактую. Падтрымліваю кантакт з кліўлэндзкімі беларусамі, беларускімі габрэямі.

А ці сочыце за падзеямі ў Беларусі?

С. Шарэцкі: Крыху сачу, наколькі гэта магчыма. Падтрымліваю сувязь зь віленскімі беларусамі. Сытуацыя ў Беларусі зараз такая, як і была за маім часам. Там нічога не зьмянілася, сёньня там кажуць адно, а заўтра другое. Сёньня Лукашэнка едзе ў Маскву, цалуецца там, а заўтра адкрывае ў Воршы мэмарыяльную дошку ў гонар Канстанціна Астроскага. Гэта ж такі ўжо чалавек. Калі ён яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, калі Зянон Пазьняк неяк быў захварэў, то Лукашэнка хадзіў у БНФ і хацеў стаць на чале гэтай партыі. Ад таго часу, на мой погляд, там нічога не зьмянілася.

А ці зьмянілася апазыцыя? Як бы вы ацанілі цяперашні стан беларускага апазыцыйнага руху?

С. Шарэцкі: Ведаеце… вельмі цяжка працаваць, нават тады калі й я яшчэ быў у Беларусі, было вельмі цяжка нешта зрабіць. Апазыцыя вельмі раздробленая й ня можа аб’яднацца, а ўлады ім спрыяюць, каб тыя сварыліся. А людзі атрымліваюць аднабаковую інфармацыю, таму й ня могуць зразумець, што ж адбываецца. У свой час я ніяк ня мог зразумець амэрыканскага ладу жыцьця, пакуль я сюды не прыехаў і не паглядзеў. І людзям, якія жывуць у вёсцы й нідзе не былі як па‑за раённым цэнтрам, цяжка зразумець сытуацыю. Калі няма вайны, то ўсё й добра, калі хлеб у краму прывозяць раз на тыдзень, таксама добра.

Пасьля 6 гадоў жыцьця ў ЗША ці зразумелі Вы Амэрыку? Ці падабаецца жыць у гэтай краіне?

С. Шарэцкі: Мне Амэрыка падабаецца. Калі ўдумацца ў іх законы, у сыстэму аховы асобы й іншыя рэчы, то гэта мне вельмі падабаецца. Цяжка казаць пра прычыну посьпеху ЗША, бо для гэтага трэба добра ведаць гісторыю гэтай краіны, чаго я пра сябе сказаць не магу. Тут народ вельмі працалюбівы, і больш за тое, тут усё зроблена для таго, каб чалавек мог пасьпяхова працаваць. Некалі ў СССР прыяжджаў генэральны сакратар Кампартыі ЗША, і калі ён прайшоўся па заводах маскоўскіх, дык сказаў: «Ну, я бачу ў ваш працоўны час такую самую карцінку, як у нас у час перапынку». Тут чалавек калі працуе, дым максымальна, таму й заробкі добрыя атрымліваюць. А ў Cавецкім Cаюзе неяк рабочага запыталіся: «Як вы жывяце?», дык ён кажа: «Ня горш як працуем».

Ці складана вам было прызвычаіцца? Усё ж Амэрыка гэта, так бы мовіць, іншы сьвет, іншая культура, ерархія каштоўнасьцяў?

С. Шарэцкі: Тут усё зроблена для таго, каб табе дапамагчы, каб ты адаптаваўся. Існуе мноства розных арганізацыяў, якія спрыяюць чалавеку, каб ён не адчуваў сябе адзінокім. Працуюць ангельскамоўныя школы для эмігрантаў. Усё гэта бясплатна. Нам у СССР тлумілі галаву, што ў Амэрыцы нічога без даляра ня зробіш, а тут мастацкія музэі, бібліятэкі, шмат даступных інстытуцыяў працуюць бясплатна. Я тут такімі біліятэкамі карыстаюся, што ў Беларусі я аб іх мог толькі марыць.

А вы, у прыватнасьці, спрабавалі вывучаць ангельскую мову?

С. Шарэцкі: Дык я хаджу ў школу, нават цяпер. Вывучаю мову й нават часам пішу невялікія артыкулы па‑ангельску. Напісаў некалькі артыкулаў пра Тадэвуша Касьцюшку, пра Янку Купалу, пра чарнобыльскую бяду. Навучаньне для мяне бясплатнае. І мэдычная дапамога, дарэчы, асобам у маім узросьце бясплатная. Гэта іншы сьвет. Нядаўна я меў праблему з вачыма й паклаўся ў шпіталь на апэрацыю. Зараз я бачу «як сокал» і я ані цэнта не плаціў за паслугі. Арыенцірам для Беларусі павінен быць менавіта такі заходні сьвет. Беларусы, на жаль, абралі для сябе іншы шлях. У свой час яны мелі выбар, але, на жаль… Гэта ня іх віна, але іх бяда ў тым, што яны былі мала інфармаваныя. Калі я працаваў старшынём калгасу, то мяне таксама ніхто нікуды не пускаў. Часам давалі паглядзець горшы ці лепшы калгас.

Ці не дакучае вам настальгія? Ці хацелі б вярнуцца на Бацькаўшчыну

С. Шарэцкі: Разумееце, што ж думаць і марыць аб тым, чаго ніколі яе зьдзейсьніцца? Куды я паеду? У турму? Дзе Ганчар? Сытуацыя гэтая, відаць, захаваецца яшчэ на доўга, бо там няма ніякай сілы, якая б зрушыла гэты стан. А Расея будзе трымацца, як цэпка, за Беларусь і будзе рабіць усё, каб ня даць нашай краіне быць сапраўды незалежнай. Тым больш ёсьць у іх да каго прытуліцца, на каго абаперціся.

Сп. Сямён, ці ня сорамна зараз Вам за тыя рашэньні, якія вы ў свой час прымалі, будучы старшынём Вярхоўнага Савету? Сытуацыя тады ў многім залежала менавіта ад Вас.

С. Шарэцкі: У той час, калі я там быў, я лічыў, што я раблю ўсё, што ад мяне залежала. А ня ўсё ад мяне залежала. Былі й памылкі, але ж без гэтага чалавек пражыць ня можа. Але тады, калі я гэта рабіў, я рабіў усё сумленна.

Дзмітры Гурневіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0