Нелегальных кватэраздатчыкаў падатковым органам часцей за ўсё дапамагаюць выяўляць самі наймальнікі кватэр, а таксама суседзі. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка 12 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, як правіла, гэта могуць быць наймальнікі, незадаволеныя празмерным павышэннем гаспадаром кватэры памеру арэнднай платы. Ёсць таксама сітуацыі, калі ўладальнік кватэры прымушае замест сябе аплачваць камунальныя плацяжы, а таксама падаткі з даходаў ад здадзенай кватэры.

«Што да камунальных плацяжоў, то тут размова ідзе пра дагаворныя адносіны, тут паміж сабой дамаўляюцца кватэраздатчык і наймальнік. А вось што тычыцца падатку, то яго павінны плаціць сам кватэраздатчык, і ўскладаць на кагосьці іншага гэтыя абавязкі ён проста не мае права», — падкрэсліла Шаўчэнка.

Нярэдкія выпадкі, калі ў падатковыя органы тэлефануюць і інфармуюць суседзі кватэраздатчыка і «проста асобы, якія неабыякавыя да сітуацыі, калі падаткі не паступаюць у бюджэт».

Прадстаўнік МПЗ звярнула ўвагу на тое, што падатак, які кватэраздатчыкі павінны выплаціць у бюджэт, насамрэч невялікі. Напрыклад, у Мінску самая вялікая стаўка падатку ад здачы кватэры ў самым дарагім раёне за кожны здадзены пакой складае ўсяго 135 тыс. рублёў на месяц. У рэгіёнах гэтая сума пачынаецца і зусім ад 40 тыс. рублёў.

Паводле звестак МПЗ, у 2012 годзе парушэнні падатковага заканадаўства выяўлены ў 1.905 кватэраздатчыкаў. Дадаткова паступіла ў бюджэт паводле вынікаў праведзеных падатковымі органамі праверак 535,7 млн. рублёў.
Згодна з вынікамі праверак сёлета парушэнні заканадаўства ўстаноўлены ў 1.089 кватэраздатчыкаў, да выплаты ў бюджэт выстаўлена 386,6 млн. рублёў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?