Сяргей Левін

Оскар Чамярынскі

Праект фінансуе Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC). На першым этапе плянуецца ўкласьці ў новае прадпрыемства па выпуску соку $20 млн.

Новае прадпрыемства па выпуску соку і напояў з утрыманьнем соку паўстане на базе Бабруйскага кансэрвавага заводу, якія на дадзены момант прастойвае. Дзеля гэтага будзе задзейнічанае найсучасьнае абсталяваньне, а да працы запросяць пэрсанал заводу. У плянах выпуск прадукцыі каля 1 млн. гекталітраў – 100 млн літраў – у год. Гэта трохі больш за агульны аб’ём спажытага ў год беларусамі соку і напояў з утрыманьнем соку. Праект прадугледжвае ў пэрспэктыве выхад на замежныя рынкі. Паводле словаў старшыні рады дырэктараў «Піваварнай кампаніі «Сябар» Сяргея Левіна, аб’ём інвэстыцыяў будзе расьці. «На выпуск піва нашая кампанія ад пачатку атрымала ад IFC $10 млн., а па выніках разьвіцьця прадпрыемства мы засвоілі яшчэ $45 млн.» — распавёў сп. Левін.

Для вытворчасьці соку будзе выкарыстоўвацца пераважна мясцовая сыравіна. Запрацуе праект да канца году, а на сто адсоткаў — праз паўгоду.

Дырэктар дэпартамэнту аграбізнэсу Міжнароднай фінансавай карпарацыі Оскар Чамярынскі высока ацэньвае патэнцыял будучага прадпрыемства прыводзіць у якасьці прыкладу посьпехі кампаніі «Сябар» у піваварэньні: «Цяжка параўнаць сёньняшні бровар у Бабруйску з тым, што я пабачыў у 2004 г.». Дарэчы, род сп. Чамярынскі паходзіць з‑пад Берасьця, а адзін з сууладальнікаў кампаніі Detroit Investments, што зьяўляецца галоўным інвэстарам кампаніі «Сябар», Яўген Кашпер — з‑пад Бабруйску.

Беларусь зьяўляецца чальцом IFC ад 1992 г. З таго часу карпарацыя вылучыла ў выглядзе крэдытаў $111,5 млн. Міжнародная фінансавая карпарацыя займаецца падтрымкай прыватнага сэктару эканомікі ў краінах зь пераходнай эканомікай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?