Мне, можна сказаць, амаль усё роўна: будзе існаваць чарнагорская мова — добра, ня будзе — няхай. І большасьці эўрапейцаў гэта таксама павінна быць да лямпачкі, бо іх ніякім чынам не датычыць. Але ж не! Як раней пісалі: савецкаму чалавеку да ўсяго ёсьць справа… І калі беларус, прыляцеўшы ў Чарнагорыю, іранічна зазначае: у іх тут была адзіная мова, а цяпер, стаўшы незалежнымі, выдумляюць новыя, кожны сваю, то частка расейцаў гаворыць пра гэта ўвогуле вельмі раздражнёна.

Сэрбаў можна яшчэ зразумець, а вось расейцы чаго абураюцца? Вядома: усё праз іхнюю вядомую звычку. Уключы расейскае тэлебачаньне і пачуеш раздражнёныя камэнтары: не падабаецца ім, што ва Украіне ўлады спрабуюць пашырыць ды ўмацаваць украінскую мову. Адначасова са стрыманым задавальненьнем паведамляецца, што ў Беларусі вельмі значна скарочана навучаньне на беларускай мове на карысьць мовы расейскай, зразумела.

Расейцы бадай неўсьвядомлена зыходзяць з таго, што ў былой Югаславіі ролю расейскай мовы выконвала сэрбская. Вось і злуюць… Гэтая хвароба мае моцныя карані і ў нашым горадзе-героі. Сталічны маладзён, апынуўшыся на Эўрабачаньні, паведамляе беларусам: “Пацікавіўся я ў югаславаў: як яны падзяліліся, мова-то ў іх хоць агульная засталася ці не? Але мовы сталі прыдумваць цяпер кожны сваю! Вось і сьпявачка са Славеніі будзе сьпяваць на славенскім варыянце сэрбскай мовы…”

І гэтую прынамсі хлусьню слухаюць дзесяць мільёнаў, бо добра вядома, што славенская мова існуе даўно і зьяўляецца самастойнай. Ужо не кажу аб тым, што пры СССР Беларусь са Славеніяй былі братэрскімі рэспублікамі, адбываўся культурны абмен. Але што казаць, калі ў нас дагэтуль блытаюць яе са Славакіяй…

Трапляючы ў іншае моўнае асяродзьдзе, любы можа разгубіцца, толькі з часам пачынае арыентавацца, прычым калі робіць намаганьні. Можна меркаваць, што большасьць расейцаў, і беларусаў таксама, такіх намаганьняў ня робяць. Бо патрэбна звычайная цікаўнасьць і усьведамленьне разнастайнасьці, багацьця славяншчыны. У рэцэпцыі табе зь вялікімі вачыма гавораць, што ты адзіны, хто вывучыў, як здароўкацца па-мясцоваму, гэта ж такое дзіва!

У энцыкляпэдыях пішуць, што пытаньне з чарнагорскай мовай застаецца спрэчным, дзяржаўнай яна не абвешчана і рэальна зьяўляецца дыялектам сэрбскай. Адначасова зазначаецца: чарнагорская мова за апошнія паўтара стагодзьдзя стала амаль не адрозьнівацца ад сэрбскай. Да ўключэньня Чарнагорыі ў агульную дзяржаву з сэрбамі, харватамі, славенцамі афіцыйна існавала чарнагорская мова з уласным альфабэтам. Падчас рэформы 1863 году адбылася уніфікацыя паўднёваславянскіх моў, чарнагорцам далі агульны — сэрбахарвацкі альфабэт. Яшчэ пазьней чарнагорскую мову ўвогуле забаранілі. Як знаёма!

Можна яшчэ пры жаданьні адшукаць дэклярацыю Чарнагорскага Пэн-цэнтру, што датычыць гэтай справы, у якой ёсьць такія словы: “Усе славянскія мовы, апроч мовы чарнагорцаў, маюць сваю этнічную, нацыянальную назву. З навуковага пункту гледжаньня і з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Чарнагорыі няма ніякіх — ні навуковых, ні палітычных прычынаў не называць чарнагорскую мову ў афіцыйным парадку сваім імем”…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?