Як паведамілі Intex-press у Баранавіцкім міжраённым аддзеле 8-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ, на мінулым тыдні ў дачыненні да намесніка старшыні гарвыканкама была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 426 КК РБ (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
У чым канкрэтна заключалася перавышэнне ўлады дзяржслужбоўцам, у аддзеле не растлумачылі, спаслаўшыся на тое, што «вядзецца следства» і справа перададзена ў Брэст.
Аднак ва ўпраўленні Следчага камітэта РБ па Брэсцкай вобласці інфармацыю аб узбуджэньні справы ў дачыненні да намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама не пацвердзілі.
«У мяне такой інфармацыі няма», - каротка адказаў на пытанне карэспандэнта прэс-сакратар упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Руслан Макарук.
На працоўным месцы чыноўніка няма. Сакратар ў прыёмнай паведаміла, што ён на бальнічным і з'явіцца, «калі лекар бальнічны закрые».
Кіраўнік справаў гарвыканкама Мікалай Хітрык, пачуўшы пра крымінальную справу ў дачыненні да намесніка старшыні, засмяяўся і параіў не верыць чуткам.