13.06.2013 / 18:11

Эксперты прагназуюць курс даляра да канца года на ўзроўні 9.200 рублёў 1

Курс долара да канца 2013 года ў Беларусі складзе 9.200 рублёў, да канца 2014 года — 9.500 рублёў, прагназуюць эксперты даследчага цэнтра ІПМ. Прэзентацыя прагнозу, падрыхтаванага ў межах праекта Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі, адбылася ў Мінску 13 чэрвеня.

«Раўнавага, якая ўстанавілася на фінансавых рынках у апошнія перыяды, уяўляецца даволі хісткай. Пры гэтым манетарныя ўлады нацэлены на некаторае змякчэнне грашовай палітыкі, але імкнуцца забяспечваць адносна стабільны ўзровень намінальнага абменнага курсу», — гаворыцца ў макраэканамічным прагнозе, які падрыхтавалі эксперты цэнтра.

Такая палітыка можа быць паспяховай толькі пры прыцягненні знешніх пазык, мяркуюць эканамісты.

«Пры такім сцэнарыі мы чакаем, што намінальны абменны курс складзе 9.200 рублёў і 9.500 рублёў за долар на канец 2013 і 2014 гадоў адпаведна. Аднак пры недахопе знешніх пазык абясцэньванне нацыянальнай валюты можа быць больш істотным», — мяркуюць прадстаўнікі даследчага цэнтра ІПМ.

Адносна інфляцыі эксперты чакаюць, што яна складзе 17,8 і 9,6% у 2013 і 2014 гадах адпаведна.

Нагадаем, беларускія ўлады запланавалі на 2013 год зніжэнне інфляцыі да 12%, афіцыйны прагноз па абменным курсе ў Беларусі не зацверджаны.

0
Счетовод из Шклова / Адказаць
13.06.2013 / 22:59
Не запалохаеце! У краіне вялікіх магчымасьцяў УСЁ магчыма!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру