На адкрыцці крыжа памяці антысавецкіх партызанаў у вёсцы Рачкаўшчына пад Шчучынам. Фота «Глос знад Немна».

На адкрыцці крыжа памяці антысавецкіх партызанаў у вёсцы Рачкаўшчына пад Шчучынам. Фота «Глос знад Немна».

Кіраўніка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Мечыслава Яськевіча будуць судзіць за ўстаноўку крыжа ў вёсцы Рачкаўшчына пад Шчучынам (Гродзенская вобласць) у памяць апошняга камандзіра ўзброеных сіл Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка.

Шчучынская міліцыя пераслала ў Гродна копію пратакола пра нібыта ўчыненае Яськевічам адміністрацыйнае правапарушэнне — правядзенне несанкцыянаванага мітынгу.

Раней стала вядома, што аналагічны пратакол складзены прадстаўнікамі Шчучынскага РАУС у дачыненні да 82-гадовай пенсіянеркі Веранікі Себасцяновіч.

Вераніка Себасцяновіч была сувязной АКоўцаў пад псеўданімам «Ружачка». За гэта яе, 20-гадовую, арыштавалі ў 1951-м і асудзілі на бясконцыя 25 гадоў. У выніку яна правяла ў савецкім канцлагеры чатыры гады і ў выйшла на свабоду пасля смерці Сталіна.

Армія Краёва — польскае ўзброенае падполле — вяла партызанскую вайну супраць саветаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны час належала Польшчы. У гады вайны і пасля яе АКоўцы здзяйснялі таксама акты тэрору супраць беларускіх актывістаў і праваслаўнага насельніцтва. Для ўладаў РБ Армія Краёва застаецца табу, бо яна змагалася супраць савецкай улады. У Польшчы ветэраны АК лічацца героямі.

Саюз палякаў Беларусі паставіў крыж памяці Радзівоніка, вядомага пад сваім партызанскім псеўданімам «Олех», 12 мая, у 64-ю гадавіну ягонай смерці. Олех быў адным з самых смелых камандзіраў падполля. Ён загінуў у 1949 годзе, калі групу з 15 партызан атачыў полк НКВД. 12 з 15 падпольшчыкаў загінулі ў тым баі.

Працэс Веранікі Себасцяновіч адбудзецца ў Шчучынскім раённым судзе 19 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?