Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў указ № 268, які датычыцца дзейнасці дзяржаўнай установы «Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь».

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння функцыянавання сістэмы электроннага збору платы за праезд па дарогах Беларусі, а таксама кантролю за выкананнем парадку яе збірання.

У ім, у прыватнасці, прадугледжваецца ўстанавіць парадак збірання платы за праезд транспарту па платных дарогах Беларусі.

Дакументам даецца магчымасць выкарыстання «паліўнай карты», эмітаванай для аплаты праезду па платных дарогах краіны ў межах функцыянавання сістэмы электроннага збору платы.

«Паліўная карта» — гэта электронная прылада, што выкарыстоўваецца для аплаты праезду транспарту па платных дарогах у межах дзеяння сістэмы электроннага збору такой платы. Па сутнасці гэта аналаг банкаўскай карткі, якая выкарыстоўваецца перавозчыкамі большасці краін, у тым ліку Беларусі, для аплаты паслуг за мяжой (плата за паліва, праезд і купля спадарожных тавараў на АЗС).

Даецца таксама магчымасць унясення ўласнікам (уладальнікам) транспартнага сродку, які не з’яўляецца рэзідэнтам Беларусі, платы ў беларускіх рублях, расійскіх рублях, еўра ці доларах ЗША. Рэалізацыя кантрольных функцый Транспартнай інспекцыі будзе ажыццяўляцца шляхам мабільнага кантролю ў кругласутачным рэжыме.

Акрамя таго, у сувязі са зменай наймення РУП «Белаўтастрада» на ДУ «Белаўтастрада» ўнесены адпаведныя змяненні ў прававыя акты, якія рэгулююць дзейнасць гэтай арганізацыі.

«Рэалізацыя палажэнняў указа дазволіць завяршыць фарміраванне нарматыўнай прававой базы, неабходнай для эфектыўнага функцыянавання сістэмы электроннага збору платы за праезд транспарту па дарогах краіны», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?