У Рэчыцы праходзіць рэгіянальны фестываль «Графіці», прымеркаваны да свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2007». Адмыслова для гэтага мясцовыя ўлады выдзялілі мастакам‑графіцістам жалезабетонныя агароджы агульнай працягласцю ў 253 метры.

Канкурсанты цягам двух дзён выконвалі свае працы на адведзеным участку жалезабетоннай агароджы, убачыць якія змогуць госці Рэчыцы на ўездзе ў горад. Асноўнымі матывамі для творчасці, якія прапанавалі ўлады, сталіся маляўнічыя краявіды Рэчыцы, выявы гарадскіх выбітнасцяў і беларускія нацыянальныя сімвалы.

Як згадвае экс‑каардынатарка маладзёжнага цэнтра «Гарт» Юнэля Сальнікава, у 2001 годзе падобныя мерапрыемствы ладзіліся з ініцыятывы грамадскіх арганізацыяў у Гомелі. Да прыкладу, у межах мабілізацыйнай кампаніі «Выбіраеш ты!» праводзіўся конкурс выяваў графіцістаў ля гасцініцы «Турыст». Паразумецца з гарадскімі чыноўнікамі было складана, паколькі амаль ніхто з адміністрацыі не меў дакладнага ўяўлення пра графіці. Паводле словаў спадарыні Сальнікавай, тады арганізатарам давялося наведаць мноства ўстановаў, атрымаць дазвол у галоўнага мастака горада, які зацвярджаў эстэтычную вартасць конкурса. Аднак дадзеная акцыя выклікала ажыятаж, доўгі час гомельская моладзь працягвала збірацца ля месца правядзення акцыі. На прыкладзе Рэчыцы мы бачым, як улады пераймаюць ініцыятыву ў грамадскіх арганізацый, здольных выдатна правесці падобныя мерапрыемствы, падсумавала Юнэля Сальнікава.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0