У Гомельскім абласным судзе 14 чэрвеня абвешчаны прысуд 25-гадоваму хлопцу, абвінавачанаму ў жорсткім забойстве студэнткі Гомельскага ўніверсітэта Наталлі Емяльянчыкавай.

Суд прызнаў яго вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю і прысудзіў да расстрэлу. Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны.

У апошнім слове абвінавачаны прасіў прабачэння ў маці забітай дзяўчыны.

Дзяржабвінавачванне запытала выключную меру пакарання ў выглядзе расстрэлу для Аляксандра Г.

На судовым пасяджэнні ў канцы мая ён зрабіў заяву, што яго сужыцелька таксама мае дачыненне да здзяйснення забойства і з’яўляецца падбухторвальніцай і пасобніцай.
Ён заявіў, што яго сяброўка ведала пра забойства і нават дапамагала знішчаць сляды злачынства, у прыватнасці мыла вопратку, выкідала нож у возера.

Дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што факты, выкладзеныя ў заяве абвінавачанага аб ролі яго сужыцелькі ў забойстве, не знайшлі пацверджання, і ён заявіў пра гэта з помсты, бо сяброўка рассталася з ім.

У 2005 годзе малады чалавек быў прысуджаны да пазбаўлення волі на восем гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці: ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці. Забойства студэнткі ён здзейсніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання.

Адвакат абвінавачанага, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што па справе, акрамя яўкі з пакаяннем і паказанняў яго падабароннага, няма аб’ектыўных і бясспрэчных доказаў.

Па выніках псіхіятрычнай экспертызы малады чалавек прызнаны адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у абвінавачанага не выяўлена. Аднак ён пакутуе на змяшанае расстройства асобы.

Трагедыя адбылася ў ноч з 19 на 20 верасня мінулага года.
Каля апоўначы Наталля Емяльянчыкава вярталася дадому, каля пад’езду на яе з нажом напаў мужчына. Як устанавіла экспертыза, пацярпелая памерла ад вялікай страты крыві, ёй былі нанесеныя 102 нажавыя раненні.
У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Ён паведаміў, што прыкладна ў чэрвені-ліпені 2012 года знаходзіўся з Емельянчыкавай у адной кампаніі і яна абразіла яго.
19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, так як быў знаёмы з яе братам. Абвінавачаны выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад дома, дзе жыла пацярпелая, і пабег праз двары. Ён дачакаўся дзяўчыну ля пад’езда, а затым накінуўся на яе з нажом.
Вынесены Гомельскім абласным судом смяротны прысуд — трэці ў гэтым годзе ў Беларусі.
Аналагічныя прысуды вынесены Магілёўскім і Гродзенскім абласнымі судамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?