Фота Nastya Sergienya.
Калі трохі збочыць з веласцежкі ў пачатку Парка Перамогі, натыкаешся на звычайную палатку «Крыніца» з півасам і шашлыком на пластыкавым посудзе, але, зірнуўшы пільней, разумееш, што гэта толькі маскіроўка — за кегамі Kaltenberg’у хаваецца першая ў Мінску кавярня для раварыстаў з кальянам і майстэрняй у дадатак.
Ідэя зрабіць такога кшталту кавярню належыць галоўнаму менскаму кальянніку, уладальніку «Кальяннай №1» , Ваню Мураўёву. «Гэтая кропка грамадскага харчавання належыць майму сябру, − распавядае Ваня. − Але ён быў не супраць, каб я ёй заняўся. Падумаўшы, чым яна будзе адрознівацца ад астатніх, я зразумеў, што акцэнт трэба рабіць на роварах, тым болей, што веласцежка ў 30 метрах». Мы сядзім на безкаркасных фатэлях ля кавярні, п’ем півас, Ваня пацягвае кальян, непадалёк рэлаксуюць парачкі ў гамаках, веламайстры пракачваюць свае веласкілы. У гарадскую спякоту тут ціха і камфортна, хоць дзэн практыкуй.
«Першапачаткова ідэя заключалася толькі ў пракаце, але потым дадаліся майстэрня, мяккія мяхі, гамакі, у планах – арыгінальная паркоўка, – працягвае Іван. – Будзем ладзіць жывыя выступы, DJ-сэты, бо неспакойных суседзяў вакол не маем». Акрамя мажлівасці гарызантальна ці вертыкальна адпачыць, можна будзе пашпурляць фрысбі, раскласці настолку, падрубіцца да wi-fi ці пачытаць ціхамірна кніжку з бібліятэкі кавярні.
Падрабязнасці чытайце тут.