Амерыканскі парфумер з беларускімі каранямі Сафія Гройсман 14 чэрвеня прэзентавала ў Мінску водар, створаны ёю спецыяльна для Беларусі.

Як растлумачыла парфумер на прэс-канферэнцыі, водар мае рабочую назву «Белая Русь № 5», аднак гэта не звязана са славутымі духамі «Шанель № 5». Паводле слоў Гройсман, падчас працы над водарам было створана прыкладна 10 эксперыментальных кампазіцый, але самым удалым аказаўся водар пад нумарам пяць. «Шанель № 5» не мае нічога агульнага з гэтым водарам», — падкрэсліла парфумер.

Яна расказала, што на стварэнне водару яе натхнілі ўспаміны дзяцінства. Гройсман нарадзілася ў 1946 годзе ў вёсцы Любча Навагрудскага раёна. У пасляваенны час цацак у дзяцей не было, і яна вельмі любіла фіялкі, якія раслі каля яе дома. «Гэта засталося ў маёй памяці на ўсё жыццё. Я заўсёды хацела стварыць спецыфічныя духі, якія нагадвалі б мне пра гэтую зямлю», — сказала Гройсман. Паводле яе слоў, водар фіялкі лёг у аснову духоў «Белая Русь».

Як зазначыў Уладзіслаў Ракуноў, заснавальнік «Парфумернай майстэрні Улада Ракунова», якая з’яўляецца прадстаўніком Сафіі Гройсман у Беларусі, водар «Белая Русь № 5» — гэта падарунак Гройсман радзіме. У будучыні водар будзе выпушчаны ў камерцыйных аб’ёмах, але, магчыма, ужо пад іншай назвай. «Каля года таму мы аб’явілі конкурс на месца замоўцы гэтага водару. Сёння ў нас ёсць некалькі зацікаўленых бакоў — вядомыя людзі з сусветным імем, з якімі вядуцца перамовы», — растлумачыў Ракуноў.

Паводле яго слоў, у водару будзе беларускі замоўца, пры стварэнні дызайну ўпакоўкі будуць выкарыстаны беларускія элементы, але выраб кампазіцыі і разліў духоў абавязкова будуць рабіць у Францыі.

Мяркуецца, што водар будзе дарагім. «Гэты пах не можа быць танным», — падкрэсліў Ракуноў. Кажучы пра геаграфію продажу водару, ён падкрэсліў, што для яго было б больш правільна «рухацца спачатку на Усход, а потым — на Захад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?