15.06.2013 / 10:26

Святлана Юронак пра гісторыю свайго трагічнага кахання з Арцёмам Грыбковым 7

Пра смерць былога палітвязня Арцёма Грыбкова стала вядома толькі праз два месяцы пасля здарэння. Родныя не афішавалі. Ён загінуў, калі жонка чакала дзіця. Удава Святлана Юронак расказала гісторыю іх кахання.

«Спачатку ён мне не спадабаўся»

«НН»: Кажуць, што час лечыць. Як Вам жылося гэтыя пяць месяцаў без Арцёма?

— Гэта лепш не ўспамінаць. Цяпер крыху адыходжу. Але па вечарах бывае накатвае так, што суняцца не магу. Першыя дні і месяцы зусім было цяжка...

«НН»: Як вы пазнаёміліся?

— У гіпермаркеце «Гіпа» ў 2010. Я там працавала, а Арцём толькі ўладкаваўся. Ён пасля расказваў, што закахаўся ў мяне, як толькі ўбачыў. А я не. На той момант я сустракалася з іншым хлопцам, які таксама быў з Карэлічаў. Але адносіны з ім ужо не ладзіліся. І калі мы пачалі гуляць з Арцёмам, ён проста знік: адключыў тэлефон, не прыходзіў.

«НН»: Можа, Арцём з ім пагаварыў сур’ёзна?

— Хутчэй за ўсё.

«НН»: А чым ён Вас скарыў у выніку?

— Не ведаю. Спачатку падумала, што не для мяне чалавек. А калі пагулялі, пагаварылі, то ўзнікла адчуванне, што доўга яго ведала. Гулялі ўвесь гэты час, а ён нічога мне не казаў пра пачуцці. Я сабе падумала: пакуль сам не прызнаецца ў каханні, крок насустрач не зраблю.

«НН»: І пасля рашыўся?

— На Новы год. Мы не разам адзначалі. І ён спачатку пазваніў, а пасля ў смс-цы напісаў.

«НН»: Такі падарунак пад ёлку.

— Ён мне і да гэтага рабіў падарункі, кветкі ўсё дарыў. Але я рашыла, пакуль не скажа сам, нічога не падзейнічае на мяне. Кветкі дарыў нават без нагоды, што мяне радавала.

«НН»: Ён рамантыкам быў?

— Канечне. Расказваў, што вершы піша, але не надала гэтаму вялікай увагі. А мне пачаў вершы з турмы прысылаць на паштоўках. І ўсё выбачаўся, што выбар паштовак у іх невялікі.

«НН»: Вершы Вам прысвячаў?

— Так. Мне ён прысылаў такія рамантычныя, а маме, цётцы, бабулі — сур’ёзныя. І вярнуўся з турмы з трыма сшыткамі, спісанымі вершамі.

«Не паверыла, што яго вызвалілі»

«НН»: У Вас з Арцёмам яшчэ не было сур’ёзных адносінаў перад падзеямі 2010 года. Ведалі, што ён пайшоў на мітынг?

— Мы разам з працы ішлі ў той вечар. Ён усё прапаноўваў пайсці пагуляць, а я адмаўлялася, бо стамілася. І такое адчуванне, што назло мне ён пайшоў туды. Я дадому прыйшла, і ён патэлефанаваў: «Я ўжо ўсё...» Адсядзеў дзесяць сутак. А пасля выхаду хлопцы паказалі ў інтэрнэце фотаздымак з Арцёмам з мітынгу. «Ну ўсё, мяне цяпер дакладна пасадзяць», — сказаў. Так і атрымалася: прыйшлі на працу і забралі.

«НН»: Забіралі па-ціхаму?

— Я ў той дзень не працавала, мне пасля расказалі. Усе бачылі, як забіралі: прыйшлі, начапілі кайданкі і павялі.

«НН»: Страшна было, калі яго арыштавалі другі раз?

— Я не ведала, што будзе далей. Не думала, што так сур’ёзна: чатыры гады ўсё-ткі далі. Пасля арышту ягоны сябар напісаў, што Арцём на Валадарцы, бо я дакладна не ведала, дзе яго трымаюць. Напісала яму ліст. Да суда перапісваліся.

«НН»: Вы і на суд хадзілі?

— Так, штодня — з працы даводзілася адпрошвацца. Толькі на першы дзень не трапіла.

«НН»: Верылі, што яго могуць выпусціць раней?

— Не.

«НН»: Але гатовыя былі чакаць чатыры гады?

— Так. Я ўсім сказала пра гэта. Бацькі былі не супраць.

«НН»: Калі вызваліўся, Вам адной з першых патэлефанаваў?

— Так, але я не паверыла адразу. І паехала ў вёску. А там сувязь не ўсюды ёсць. А калі ўдалося праверыць, хто тэлефанаваў, то аказалася шмат званкоў з незнаёмага нумара. Перазваніла, а там ягоны голас. Я адразу заплакала. І на наступны дзень сустрэліся.

Пасля ён у Мінск перабраўся. Спачатку кватэру здымаў, а пасля да мяне пераехаў — вырашылі ажаніцца.

«НН»: А як Вашыя бацькі ставіліся да Арцёма?

— Любілі яго. Жыць не было дзе, а здымаць кватэру не хацелася. Яны і прапанавалі, каб ён пераязджаў да нас. У жніўні ён вызваліўся, а на Новы год я запрасіла з бацькамі пазнаёміцца. У красавіку пераехаў да нас.

«НН»: Чым ён займаўся пасля вызвалення?

— Уладкаваўся на працу.

«НН»: У «Гіпа» вярнуўся?

— Не. За горадам працаваў.

«НН»: А ў вольны час што рабіў?

— У яго вольнага часу фактычна не было. Гадзін у 8 раніцы сыходзіў і вяртаўся позна: і ў 23 гадзіны здаралася. Ад замоваў залежыў ягоны заробак, таму ён заставаўся даўжэй.

«Ён перастаў мне сніцца»

«НН»: Як ён загінуў?

— З працы ехаў і трапіў у аварыю...

У нас кожны дзень быў не падобны на папярэдні. Жыццё было разнастайнае, і дома мы практычна не сядзелі. І за дзень да трагедыі ён прыйшоў гадзін у восем вечара дамоў. Не думалі нікуды выходзіць. А ён кажа: «Ведаеш, хацеў на канцэрт схадзіць і грошы адклаў. Давай у кіно лепш сходзім». Адчуванне было, што гэта апошні дзень праводзілі ра¬зам. Позна з кіно вярнуліся, добра пагулялі. А на наступны дзень усё адбылося...

«НН»: Планавалі нешта на будучае?

— Хацелі пасля нараджэння дзіцяці адпачыць на поўдні. Увогуле Арцём хацеў пераехаць са мной у Карэлічы. Я прывыкла жыць у вялікім горадзе, паколькі ў Мінску нарадзілася. І мне не хацелася пераязджаць. А на яго, відаць, ціснуў вялікі горад, яму тут не зусім утульна было. Калі ж прыязджаў у Карэлічы, нібы ажываў.

«НН»: Ён Вам сніцца?

— Да 40 дзён — штоночы. Пасля дзесьці праз дзень. А цяпер зусім не. Мне хочацца, каб ён прысніўся... Адзін раз прыснілася, што па інтэрнэце прыйшло паведамленне ад Арцёма. Хоць я ўсведамляла, што яго ўжо няма. І запыталася, чаму так здарылася. «Так трэба было», — адказаў. І спытаўся, ці атрымала я ад яго грошы. А тады акурат прайшоў «Марафон салідарнасці» і мне перадалі дапамогу.

«НН»: Калі Арцёма не стала, яшчэ не ведалі, хто ў Вас народзіцца?

— Гэта здарылася за тыдзень да ўльтрагукавога даследавання. Але ў яго было прадчуванне: усім казаў, што народзіцца сын. А праз ты¬-

дзень урачы пацвердзілі, што бу¬дзе хлопчык.

«НН»: А імя выбіралі з Арцёмам?

— Так. У нас былі тры варыянты: Расціслаў, Яраслаў, Іван. Але сышліся на Яраславу.

«НН»: Сынок толькі нарадзіўся, а ўжо можна сказаць, на каго ён падобны?

— Не ведаю. Мая мама кажа, што майго ў яго пакуль нічога няма. Напэўна, на Арцёма больш падобны. Падрасце, яшчэ нешта зменіцца...

Я хацела б падзякаваць тым, хто адгукнуўся, калі не стала Арцёма, калі нарадзіўся сынок. Было прыемна атрымаць падтрымку ад незнаёмых людзей.

Сям’ю Арцёма Грыбкова можна падтрымаць

Ахвяраванні перасылайце на адрас: 220018, г. Мінск, вул. Бурдзейнага, д. 20, кв. 92. Юронак Святлана Ігараўна.

***

Любімай Святлане

Заўсёды, калі ранкам устану,
Адразу гляджу на Святлану.
На гэтыя вабныя вусны,
На тварык, мілы і спакусны,
На рукі, мякчэй за кужэлю,
Я ад жадання шалею.
Хачу я прыціснуць Святлану,
Рукамі абвіць вакол стану,
Дарыць ёй мае пацалункі,
У краме купляць пачастункі,
Увесь аддаваць свой заробак
І разам пражыць гадоў сорак!
Ды толькі часценька бывае,
Святлана мяне дапякае,
Як рак тады ўміг чырванее,
У момант брыднее, дурнее,
Злуецца, крычыць і галосіць,
Мяне па матулі паносіць.
Тады я хачу (паміж намі)
Яе накарміць тумакамі,
За шыю яе патрымаці,
Вяроўкай звязаць да краваці.
Ды толькі нічога, адходзіць,
І зноў да нас шчасце прыходзіць,
І добра мне з ёй на планеце,
І мы весялімся, як дзеці.
P.S. Скажу я адразу Вам, братцы,
За верш палучу я па срацы!

Арцём Грыбкоў

Сяргей Макарэвіч

0
цілібом / Адказаць
15.06.2013 / 11:14
. шаноўныя, а ці нельга памяняць назву... бо не ўглядаецца ў іх каханні трагізму... і Святлане будзе лягчэй... .
0
:::::::::::: / Адказаць
15.06.2013 / 11:24
Божа, як шкада..
0
Ілля / Адказаць
15.06.2013 / 11:57
Выдатны верш
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру