15.06.2013 / 09:38

Беларуская глыбіня. Урад для народа 4

Піша Павел Севярынец.

І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім:

дадзеная Мне ўсякая ўлада

на небе і на зямлі.

Мацвея 28:18

– Ну хто там яшчэ… Па якім пытанні? Не бачыце, я заняты.

Агульная лічба занятых у органах дзяржаўнага кіраван­ня РБ — 170 тысячаў чалавек, з іх да 60 тысячаў — дзяржаўных служачых (гэта без «сілавых ведамстваў», а такіх, вядома, ільвіная доля). На кожнага чыноўніка — некалькі чалавек абслугі. З сем’ямі — цэлы клас. Райвыканкамы ўжо не ўмяшчаюцца ў прызначаных будынках: паперазварот расце, аддзелы ды службы распаўзаюцца па райцэнтрах… і адначасова пакрысе растуць, прыгажэюць «царскія сёлы».

А хто тысячамі скупляе кватэры ў Мінску? Расейцы? Не, найперш — раённая ды абласная наменклатура — на дзяцей, жонак, зяцёў…

Каржакаватыя дзядзькі калгаснага выгляду з учэпістымі тлустымі пальцамі, носам-бульбінай і каменным выразам твару, народжаныя за Сталіным, або цётачкі нявызначанага ўзросту з металам у голасе і пышнай грудай колеру іржавага дроту на галаве.

Прызначаныя. Зразумела — калі б іх выбіралі людзі, людзям і служыць бы стараліся. А калі прызначаюць — служаць таму, хто прызначае. Наколькі ж глыбокая яна тут, у беларускай глыбінцы, прорва: адказныя за вёску, мястэчка, горад смокчуць з падсправаздачнага кавалка зямлі столькі, колькі ёсць моцы…

Цяперашняе абяцанае скарачэнне 13 тысячаў дзяржаўных службоўцаў (абвешчанае як «аптымізацыя») асуджанае застацца на паперы: стаўкі і паўстаўкі для сваякоў, штатныя адзінкі ў кабінетах або фікцыі «кадравікоў», «эканамістаў» і нават «псіхолагаў» у прыўладных бізнесах — напарсткі, у якія мясцовая бюракратыя за часы Лукашэнкі навучылася гуляць з заплюшчанымі вачыма.

Для Беларусі рэальная рэформа ўлады азначае не перасоўванні з крэсла ў крэсла, а сур’ёзную аперацыю на сэрцах.

Знешне ўсё проста. Выбары войтаў, павятовых старастаў ды кашталянаў, рэзкае скарачэнне штатаў — і забеспячэнне самаўрадаў грашыма. Бо самакіраванне — гэта адказнасць, падмацаваная бюджэтам.
Цяпер падаткі збіраюцца на месцах, ідуць у цэнтр, міністэрствы і ведамствы… Выплаты размяркоўваюцца — і назад, праз тую ж даўжэзную кішку: цэнтр-вобласць-райвыканкам-прадпрыемства… Чалавеку са сплочаных падаткаў пасля кругласуткавай вандроўкі па краіне вяртаюцца капейкі. А навошта безліч прамежкавых ступеняў? Слушна, каб лягчэй было адшчыпнуць або ўрваць. Адпаведна, «на месцах» застаюцца з пустымі кішэнямі.

Патрэбная дэцэнтралізацыя, якая карупцыю знішчае. На добры лад, падаткі дзеляцца на траціны. Траціна застаецца на мясцовым узроўні — у вёсцы, муніцыпалітэце мястэчка ці мікрараёна. Траціна — на рэгіён (не на савецкую вобласць, разлічаную з меркаванняў імперскага адміністравання ды ВПК, а на гістарычны, эканамічна ёмісты рэгіён — Аршаншчыну, Полаччыну, Піншчыну і г.д.). Траціну — на агульнанацыянальныя патрэбы.

З накрадзеным новай ула­дзе давядзецца разбірацца крута. Мільярды, нарабаваныя ды ўкладзеныя чынавенствам найперш у нерухомасць, давядзецца вяртаць дзяржаве. Тым, хто верне добраахвотна — амністыя. Не верне, не пакаецца — следства. Суд, канфіскацыя і далей паводле кодэкса.

Што дапаможа?.. «Закон Лінкальна». У свой час у Штатах увялі закон: грамадзянін, які даказвае факт карупцыі, атрымлівае 25% ад сумы скрадзенага. Як быццам знайшоў чалавек скарб — і здаў дзяржаве. Аналагі «Закона Лінкальна» ашчаджаюць у заходніх краінах дзясяткі мільярдаў у год — бо чыноўнікі баяцца красці. Ведаюць: пільныя грамадзяне з задавальненнем паведамяць куды трэба і не збаяцца.

Пара, пара беларусам пазбаўляцца і ад калгаснага «ўсё вакол нічыйнае, усё вакол маё», і ад шчасця «красці, красці, красці». І ад ілжывай сарамлівасці, быццам выкрыццё злодзея тоеснае панятку «стучаць».

Ясна, што ўсё не так проста — бо залежыць ад чалавека.

Такім чынам, хто там яшчэ? Па якім пытанні?..

І ў гэты момант высвятляецца: начальнік сядзіць у кожным з нас. Сядзіць моцна, усім карэннем, за тым жа родным савецкім дубовым сталом… І спакуса ўладай, хай невялікай, вечнае рэха трэцяга спакушэння, якім выпрабоўваў Ісуса сатана, — жыве, як і Беларусь, вечна.

Дзе ж возьмуцца дзясяткі тысячаў сумленных і адказных беларусаў, здольных служыць, а не красці, хлусіць, душыць і не пускаць?..

У Беларусі ёсць толькі адна масавая супольнасць людзей, якія вучацца, стараюцца і ўмеюць такія спакусы пераадольваць. Цэрквы. Вернікі — праваслаўныя, каталікі, пратэстанты.
У разбураных вайной, са спаленым фашызмам і нацызмам сумленнем Нямеччыне ды Італіі менавіта вернікі, што каяліся або вызваляліся з канцлагераў, сталіся маральнай базай для адраджэння — і далі пачатак магутнай плыні хрысціянскай дэмакратыі, і паднялі народы з руінаў.

У сённяшняй Беларусі мараль разбураная ў яшчэ большай ступені, чым старадаўнія замкі і сядзібы. А значыць, пара згадаць: у часы ВКЛ краіна кіравалася радамі, магістратамі, староствамі вернікаў (дзе праваслаўныя, каталікі і пратэстанты з агульнай згоды мянялі адзін аднаго штогод) — і сумленная ўлада сцвярджала вяршэнства закона ды справядлівасці.

Бо там, на небе, за беларускія мястэчкі, гарады і рэгіёны спытаюць не з сённяшніх старшыняў райвыканкамаў або намеснікаў начальнікаў па ідэалагічнай працы: баюся, там мы іх не ўбачым. Спытаюць з нас — тых, хто любіць Беларусь і верыць у Бога.

Куплін

***

Павел Севярынец — палітык, пісьменнік. Сузаснавальнік Маладога Фронту, пасля Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Асуджаны на тры гады «хіміі» па справе так званых «масавых беспарадкаў» — так лукашэнкаўцы называюць пратэсты з патрабаваннем дэмакратыі і справядлівасці, што адбыліся ў дзень выбараў 19 снежня. Адбывае пакаранне ў Купліне Пружанскага раёна.

0
Хі-хі / Адказаць
15.06.2013 / 10:03
Відаць Севярынец пранікся Пружанскім чынавецтвам...
0
Ляскавец / Адказаць
15.06.2013 / 11:31
У Беларусі ёсць толькі адна масавая супольнасць людзей, якія вучацца, стараюцца і ўмеюць такія спакусы пераадольваць. Цэрквы. Вернікі — праваслаўныя, каталікі, пратэстанты. Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=111300 Я б не стаў давяраць усім вернікам, а тым болей цэрквам, а тым болей прамаскоўскім беларускім сьвятарам (сумняюся іхняй недатычнасьці да карупцыі). Дэкларацыя веры ў Бога - ненадзейны прызнак сумленнасьці чалавека.
0
пара лель... / Адказаць
15.06.2013 / 14:29
:) малайчына Паўло, напрамак верны, толькі не тармазі... Растучы на сяле, між ведамых суседзей, добра бачна натуральная сіла чалавека... - чысьціня і павага суседзей. І, што б, між намі, ні было б... - толькі ёю мы жывем у сьвеце. І калі мы, між сабою, пачынаем... - і калі ж гэта будзе, у нас, наша улада... то, без сумневу, яна пачынаецца іменна з гэтай... чысьціні і павагі суседзей. Тут не супольнасьць - тут уклад людскі, што раздроблены... і трэба бачыць, што раздроблены і падзелены людзі, у першую чаргу "супольнасьцямі" розных "вер"... Калі б, Цэрквы, Вернікі — праваслаўныя, каталікі, пратэстанты і прочыя... паралельна імкненьню ў неба да божага... імкнуліся б да еднасьці ў парадку на зямлі і да суседзей... На граху,пакаяньні, малітве і славаслоў'і пабудаваны Цэрквы... Хто тут скажа? - Вось Яна - Царква Божая, з павагай, да гонару, годнасьці, чыну чалавечага... - вось вам разуменьне Рода і яго Законаў, каб не было ВыРод'ства... і каб Жылі Мы і Жыў НаРод. І таму... - Дай Бог Вам бачаньне... такой Цэрквы і такой Дзяржавы... і чаму кожны дарослы беларус, спрадвеку тут, Гаспадар чы Гаспадыня і чаму дзяцей тут называюць Нябогамі. :) - дарэчы... ня можа быць нашай царква на... бла-благім-блажэнстве - корань паганы - бл'уд, бл'ядства, бл'явоціна... і не схавае яе бл'акіт нябёс...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру