82-гадовую Вераніку Себасцяновіч будуць судзіць за тое, што яна паставіла крыж па камандзіру АК Радзівоніку. Радзівонік быў адным з не такіх шматлікіх праваслаўных у Арміі Краёвай. Ён ваяваў супраць саветаў да самай сваёй смерці ў 1949-м.

82-гадовую Вераніку Себасцяновіч будуць судзіць за тое, што яна паставіла крыж па камандзіру АК Радзівоніку. Радзівонік быў адным з не такіх шматлікіх праваслаўных у Арміі Краёвай. Ён ваяваў супраць саветаў да самай сваёй смерці ў 1949-м.

Нельга пагадзіцца з панам Сідарэвічам у ацэнцы дзеянняў Веранікі Себасцяновіч.

Так, акоўцы, у сваёй большасці, былі ворагамі беларускага нацыянальнага руху і змагаліся за аднаўленне Польшчы ў межах 1939 г. Таму было б нонсэнсам, каб іх ушаноўвалі як нацыянальных герояў беларусы. Але ж гэтая старая, наколькі я разумею, паводле сваёй свядомасці не беларуска. Да таго ж — былая ўдзельніца Арміі Краёвай. То чаму яна не можа ўсталяваць крыж па сваім былым камандзіру? Той камандзір — злачынца? Гэта даведзена фактамі? Ці проста мы будзем мясцовым палякам усё забараняць чыста дзеля таго, што яны нас калісьці крыўдзілі? Але такі падыход — шлях у тупік. Сёння мы будзем помсціць палякам — заўтра яны нам. І будзе такім чынам складвацца заганнае кола, за якое нельга выйсці аніяк. І ўсё гэта — на радасць сённяшнім уладам.

Пытанне «хто падвучыў» увогуле дзівіць. У такім выпадку давайце будзем паслядоўнымі і пачнем з поўным разуменнем успрымаць словы бэтэшных тэлекілераў, што ўсе дзеянні сённяшніх беларускіх актывістаў кімсьці арганізаваныя і праплачаныя. Дзеянні таго ж Сяргея Каваленкі, напрыклад, які незарэгістраваныя сцягі на ёлках вешаў. Хто падвучыў простага будаўніка, хто прафінансаваў? Сам жа ж чалавек не можа ні да чаго дадумацца, ён жа шрубка, марыянетка. Яго за нітачкі водзяць закулісныя лялькаводы…

«Калі б у нас была сапраўды беларуская ўлада, яна павінна была б прад’явіць Польшчы рахунак за канцэнтрацыйныя лагеры 1919—1921 гг., у якіх голадам і тыфусам нішчылі беларускіх настаўнікаў, за Картуз-Бярозу, за злачынствы АК», — піша сп. Сідарэвіч. І што мусіць утрымлівацца ў гэтым рахунку? Як нам Польшча за ўсе тыя дзеянні (пра якія забывацца, натуральна, нельга) мусіць адплаціць? Нагадаваць у сябе нам новых беларускіх настаўнікаў замест тых, што панішчылі ў 1919—1921 гг. голадам і тыфусам? Дык гадуе — праграма Каліноўскага, стыпендыі для дактарантаў, «Белсат»… Ці, можа, нам у адказ заснаваць які канцэнтрацыйны лагер ды напакаваць у яго беларускіх палякаў? Ці польскіх актывістаў панішчыць гэтак сама, як нішчылі акоўцы падчас вайны беларускіх? Дзейнічаць паводле прынцыпу «вока за вока — зуб за зуб»?

Пакіньма старыя варагаванні ў мінулым. Прыклад польска-нямецкага, польска-ўкраінскага прымірэнняў — вельмі станоўчы, хоць там крыўдаў, крыві і попелу было нашмат, нашмат больш.

Дурасцю было б замоўчваць складаныя моманты супольнай гісторыі ці лакіраваць іх, ідэалізаваць, як гэта ўжо часта ў нас робіцца. Што было — тое было. Але і дапускаць тое, каб даволі ўжо далёкая гісторыя (непасрэдных сведкаў тых падзей з абодвух бакоў застаецца ўжо вельмі мала) атручвала сённяшнія міжнацыянальныя дачыненні — таксама контрпрадуктыўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?