Інфляцыя ў Беларусі ў 2014 годзе знізіцца да 9,3%. Гэта прадугледжана падрыхтаванай уладамі канцэпцыяй прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год.

Нагадаем, сёлета ўрад мае намер знізіць інфляцыю да 12% (з мінулагодніх 21,8%).

Аўтары канцэпцыі прагнозу на 2014 год адзначаюць, што знізіць інфляцыю да 9,3% плануецца шляхам выкарыстання манетарных інструментаў, стабілізацыі абменнага курсу беларускага рубля, а таксама іншых мер у сферы бюджэтна-падатковай, цэнавай і антыманапольнай палітыкі.

«У той жа час рост аб’ёмаў крэдытавання для забеспячэння больш высокіх тэмпаў эканамічнага росту можа прывесці да росту інфляцыі ў наступным годзе», — адзначыў эксперт, знаёмы з канцэпцыяй прагнозу на 2014 год.

У студзені-маі гэтага года інфляцыя ў Беларусі склала 6,6%.
Асноўны рост спажывецкіх цэн прыйшоўся на першы квартал (інфляцыя ў студзені-сакавіку склала 5,4%). У красавіку і маі назіралася зніжэнне тэмпаў росту спажывецкіх цэн у параўнанні з першым кварталам да 0,5 і 0,7% адпаведна.

Паводле звестак Міністэрства эканомікі, усплёск інфляцыі ў першым квартале быў вынікам трох фактараў (увядзенне ПДК на паслугі электрасувязі для насельніцтва, павелічэнне акцызаў, рост цэн на рэгуляваныя дзяржавай тавары і паслугі), уплыў якіх на рост цэн у другім квартале аслабеў.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што ў выпадку захавання да канца года жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама пры забеспячэнні стабільнай сітуацыі на валютным рынку задача ўрада знізіць інфляцыю да 12% паводле вынікаў года можа быць вырашана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?