Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня знаходзіцца ў Кіеве. Лукашэнка мае намер вырашыць у Кіеве «падвешанае» з 2010 года пытанне дэмаркацыі ўкраінска-беларускай мяжы, кошт якога — каля 80 млн даляраў. Незадоўга да візіту Лукашэнкі пагутарыў з Клубам галоўных рэдактараў СНД, Грузіі і Балтыі і даў інтэрв’ю «Ізвестіям ва Украіне». Прапануем яго асноўныя моманты.

— Вы ідзяце шляхам, альтэрнатыўным Украіне. Украіна не прадае Расіі ГТС, не ўступае ў ЕўрАзЭС, але імкнецца ў ЕС. Які шлях вы лічыце больш правільным?

— Я ніколі не чуў, каб Расея прасіла Украіну аддаць транзітную трубу. Яна прасіла прадаць, гэта вялікая розніца. Мы таксама не гарэлі жаданнем прадаваць транзітны трубаправод.

Я не хацеў яе прадаваць і думаў, што нам гэта дае. Дадатковы рычаг ціску на Расію? Мы можам дамовіцца і дамовіліся. Мы забяспечаны прыродным газам у большым аб’ёме, мы маем цану вышэйшую за расійскую, але ніжэйшую за «ўкраінскую». Гэта таксама для нас вялікая дапамога. За тыя грошы, якія ўжо мы атрымалі і якія зэканомілі, мы можам пабудаваць новую трубу паралельна. ўзяць і пабудаваць. Але яна нам не патрэбна. Мы дамовіліся і стабільна атрымліваем газ.

Мы наогул стабільна працуем. У нас няма малочных войнаў і іншых гандлёвых. То туды нас не пускалі, то сюды. Зараз гэта прайшло, і Расея ў гэтым зацікаўленая.

У нас фактычна адзіная абаронная прастора, адзіная групоўка ўзброеных сіл, беларуская армія галоўную ролю грае. Расейцы нам аддалі гэтую ролю. Дзе і што мы страцілі? Нішто не згублена, заключана доўгатэрміновае пагадненне, яго ніхто не парушае.

Украіна не аддае трубы. Ну, можа быць. Але пачалі будаваць Паўднёвы паток, Паўночны паток і ўсё — украінскія трубы застануцца ў зямлі.

Можа, расейцы занадта наехалі на Украіну, гэта няправільна. Украіна мае занадта вялікае самалюбства, я ведаю гэта з часоў арміі, служыў разам з украінцамі. А яшчэ кажуць, што я часткова хахол. Наша апазіцыя знайшла мае карані паміж Чарнігавам і Кіевам. Віктар Юшчанка прапаноўваў мне знайсці мой радавод. А я казаў: навошта, якая розніца.

На украінцаў наедзеш лішні раз, а яны на шкоду сабе не з’ядуць, дык панадкусваюць.

Бог прадвызначыў Украіне месца, яно акрэслена межамі. Ніхто ваяваць з ёй ні за Крым, ні за што іншае не будзе. Расія хоча нармальных адносін, я гэта ведаю з першых вуснаў.

Расія занепакоена тым, каб выбудаваць нармальныя адносіны, і мы хочам, каб вы былі з намі. З украінскага боку не трэба ніякіх асаблівых намаганняў, але краіну чакае выгада. Гэта ж эканамічны саюз.

Скажы майму сябру Нурсултану Назарбаеву, што гэта будзе палітычны саюз, ён заўтра ж з яго выйдзе.

Нам не трэба залішне аб’ядноўвацца, будаваць наддзяржаўныя структуры. Ключавое — гэта эканоміка. Для Казахстана гэта трубы і жалезныя дарогі. Свабоднае перамяшчэнне тавараў важна для ўсіх. Ад гэтага ўкраінская эканоміка 10 млрд дадасць, трубы будзе пастаўляць ўсім. Што страціць ад гэтага краіна? Зрабіла адзін крок, убачыла, што незалежнасці нішто не пагражае — хай робіць другі. Я так разумею. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб з намі была наша сястрычка славянская.

— Беларусь стала старшынёй у СНД. Як вы будзеце садзейнічаць вырашэнню канфліктаў у былых гарачых пунктах?

— Я далёкі ад Прыднястроўя, ад таго, што адбываецца ў Грузіі, Абхазіі, Асеціі, але аднойчы мяне пацягнула акунуцца ў гэтую праблему. Я неяк прыехаў па запрашэнні сваіх сяброў у горы да іх, паказвалі мне іх, я задумаў тэму з чыста беларускім падыходам. Нагорны Карабах, што ён уяўляе, як там жывуць людзі, дзе працуюць. Там жа нармальнага жыцця няма. Я зразумеў, гэтую праблему трэба вырашаць. Пагаварыў з адным прэзідэнтам, з другім. Патлумачыў, што сітуацыя такой доўга быць не можа. Армяне са мной пагадзіліся, з Ільхамам Аліевым я пагаварыў, ён сказаў, што таксама не супраць. Хоць я і ненавіджу ролю пасярэдніка. Я прапаноўваў на гэтую ролю Украіну, але яны не захацелі.

Расія і Азербайджан павінны сесці разам і вырашыць пытанні. Для гэтага патрэбна палітычная воля абодвух прэзідэнтаў. А Мінская група моцных гэтага свету можа выступіць гарантам.

— Ва Украіне шмат пішуць пра вашага малодшага сына Мікалая. Ці бачыце вы яго сваім пераемнікам і ці жадаеце яму прэзідэнцкай долі?

— Я мабыць не дажыву да таго часу, калі мой малодшы сын зможа захацець стаць прэзідэнтам. Гэтыя пустыя размовы аб пераемніках. Мяне пачалі папракаць, што Мікалай — мой спадчыннік. Але яму яшчэ трэба 30 гадоў, каб паспрабаваць стаць прэзідэнтам. Я ўжо на гэтым свеце да таго часу не буду.

— Не абавязкова, можа і будзеце.

— Ну, я вядома хачу пажыць. Але вы разумееце, працаваць прэзідэнтам, знішчаць сябе на гэтай пасадзе, кожны дзень наварочваліся нервы на кулак і доўга пражыць — вядома, складана. Дай Бог, але вы ўяўляеце гэты расклад. Усё гэта звычайная выдумка, палохаць людзей. Маўляў, Лукашэнка будзе пры ўладзе, пакуль Коля не вырасце. Думалі, народ гэтага спалохаецца. Але ў нас кампактная краіна, народ разбіраецца. А вас гэта усхвалявала?

— Наадварот, супакоіла, пераканала ў беларускай стабільнасці.

— Папракаюць мяне і што старэйшы сын хоча стаць прэзідэнтам, гэта бліжэй да ісціны. Але вы вельмі правільна спыталі, ці хачу я сыну прэзідэнцкай долі. Не хачу. Вы не ўяўляеце, што такое прэзідэнцтва для маёй сям’і. Я хачу, каб мае дзеці спакойна жылі і каб у нас палкамі не кідалі.

Ніхто мяне не папракне ў тым, што я хачу, каб мае дзеці сталі прэзідэнтамі. Я, вядома, не змагу іх гэтага права пазбавіць, але старэйшы кажа, што яму хапае майго прэзідэнцтва.

Мой старэйшы сын працуе маім памочнікам. Ён верны чалавек, нікому не перашкаджае. Ён — дадатковая крыніца інфармацыі для мяне. Ён прыходзіць і расказвае бацьку, што лічыць патрэбным.

У нас у Беларусі створаны кампактны аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце, у ім менш за сто чалавек. Яго кантралюе мой старэйшы сын. Па законе яму падкантрольная вярхушка спецслужбаў. Сын перажывае за бацьку, пракурор разумее, што ён падкантрольны, і суддзі разумеюць, што падкантрольныя. Калі галава не гнілая, хвост будзе круціцца.

Але я ніколі не казаў сыну: я пайду, а ты застанешся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0