Жыў-быў Баранчык. Звычайны Баранчык, які на першы погляд нічым не адрозніваўся ад іншых. Меў звычайныя закручаныя рожкі, звычайны беленькі кажушок ды звычайныя маленькія капыты.

Але быў той Баранчык вялікім гультаём. З ранку да вечара ўсе звяры шчыруюць, ежу сабе на зіму назапашваюць.

Мышкі і хамячкі на палетках зярняты збіраюць, за шчочкі сабе запіхваюць ды ў норкі носяць. Вавёрачкі па лесе лётаюць арэшкі шукаюць ды ў дупло іх хаваюць. Вожыкі ў грыбы ды па ягады штодня бегаюць і да сябе ў хатку зносяць.

Адзін Баранчык з ранку да ночы стаіць на пагорку ды траўку зялёную павольна перажоўвае.

Прылятае да яго аднаго разу Варона ды пытае: «Баранчык-Баранчык, а чаму ты запасаў на зіму не робіш? Што ты зімой есці будзеш?»

А Баранчык Вароне і адказвае: «А нашто мне штосьці збіраць на зіму? Паглядзі, колькі травы на полі расце. Няма мне чаго рабіць, як запасацца. Я і так пражыву!»

Тады Варона кажа Баранчыку: «Зіма доўгая ды халодная, і травы зімой не будзе. Каб такую зіму ператрываць і каб было што есці, шмат напрацавацца трэба. Баюся, ніхто цябе проста так карміць не будзе!»

А Баранчык ёй і кажа: «Што цяпер пра гэта клапаціцца? Прыйдзе зіма — тады і буду думаць, дзе і што з’есці! Я вось тут до-о-оўга стаю, усё-ё-ё бачу. Во і прыгледзеў, што найлепш Гаспадар працуе ў полі. А колькі ён сена назапасіў! Скірды пад самае неба! Не можа быць, каб ён мяне, такога маленькага, такога ласачку, не ўзяў на зіму.

А раптам Гаспадара не ўпільную-то да гаспадыні пацягнуся. Гаспадыня, бачыў я, шмат буракоў накапала, яна мяне напэўна возьме! Я ж такі прыгожы, а яна любіць усё ладнае ды прыгожае».

Так і ішло ажно да першага снегу. А як снег пайшоў, то і травы не стала. Холадна. Тады зрабілася Баранчыку зусім кепска. «Ну, — думае Баранчык, — трэба пачынаць ежу сабе шукаць!»

І пайшоў Баранчык на падворак да Гаспадара ды кажа: «Прывітанне, Гаспадар. Вазьмі мяне да сябе! Некалі весела мне жылося, пакуль не прыйшла зіма. Цяпер есці няма чаго і жыць няма дзе. Бачыў я, што вялізныя ты, Гаспадар, скірды сена маеш. То, можа, возьмеш мяне перазімаваць?»

Пачухаў патыліцу Гаспадар ды кажа: «Сена ў мяне праўда шмат, але жывуць у мяне тры кароўкі, два валы ды конік. Усе яны мне дапамагаюць ці нейкую карысць прыносяць. Кароўкі малачко даюць, валы ў полі зямлю араць дапамагаюць, а конік мяне возіць. Не магу я так проста сена аддаваць. А што ты ўмееш?»

«Не ведаю, — адказвае Баранчык, — я ніколі нічога не рабіў, толькі еў, піў, спаў ды забаўляўся».

Паглядзеў на яго Гаспадар ды кажа: «Гляджу, вострыя капыткі ты, Баранчык, маеш. Прыходзь да мяне, будзеш па капах жыта скакаць ды капыткамі з каласкоў зярняты выбіваць. Я за гэта цябе карміць сенам буду, а твае капыткі ад гэтага не папсуюцца».

Падумаў Баранчык ды кажа: «Не, не магу я. Як жа я буду зярняты малаціць? Я ж свае ладныя капыткі паб’ю ды прыгажосць сваю страчу».

Тады пайшоў Баранчык да Гаспадыні. Спыніў яе на падворку ды кажа: «Прывітанне, Гаспадыня. Вазьмі мяне да сябе, глядзі, які я ладны ды прыгожы! Некалі весела мне жылося, пакуль не прыйшла зіма. Цяпер есці няма чаго і жыць няма дзе. Бачыў я, што шмат ты, Гаспадыня, буракоў накапала. То, можа, возьмеш мяне перазімаваць?»

Падумала Гаспадыня ды кажа: «Буракоў у мяне праўда шмат, але жывуць у мяне тры парсючкі, дваццаць курачак ды пеўнік. Усе яны мне дапамагаюць ці нейкую карысць прыносяць. Парсючкі на Каляды мне каўбаскі ды паляндвічкі даюць, курачкі яйкі нясуць, а пеўнік курэй даглядае ды мяне зранку спевам будзіць. Не магу я так проста буракі аддаваць. А што ты ўмееш?»

«Не ведаю, — адказвае Баранчык, — я ніколі нічога не рабіў, толькі еў, піў, спаў ды забаўляўся».

Паглядзела на яго Гаспадыня ды кажа: «Гляджу, цудоўнае ў цябе футра. Прыходзь да мяне, я твой кажушок вазьму ды з воўны нітак нараблю, а з нітак цёплую адзежу звяжу. За гэта я цябе карміць буракамі буду, а тваё футра да вясны і адрасце».

Падумаў Баранчык ды кажа: «Не, не магу я да цябе ісці. Як жа я буду без свайго ладнага футра? Я буду смешным ды прыгажосць сваю страчу».

Павярнуўся ды пайшоў ад Гаспадыні.

Ідзе гэтак, ідзе дарогаю, пад ногі ўзіраецца, а тут раптам чуе: «Гэх, Баранчык, прывітанне! Куды гэта ты скіраваўся?»

Баранчык галаву ўзнімае, глядзіць — а перад ім Шэры Воўк з лапы на лапу скача ды зубамі ад марозу клацае.

«Прывітанне Шэры Воўк, — кажа Баранчык. — Ды во, іду сам не ведаю куды, бо ісці мне і няма куды! Пакуль былі вясна ды лета, весела мне жылося, ды во запасаў на зіму я не зрабіў, а цяпер шукаю, хто б мяне пакарміў ды ў хату сваю перазімаваць пусціў. Але працаваць ці карысць прыносіць я не хачу».

А Шэры Воўк хітры быў. І вось думае ён: «Я ж таксама ніякіх запасаў не зрабіў, дык трэба гэтага Баранчыка да сябе ўзяць, хоць пад’ем».

А Баранчыку гэтага не кажа, а кажа такое: «Ох, якое гора! Як я цябе разумею!»

А сам навокал азіраецца: ці не бачыць хто, што ён з Баранчыкам гамоніць.

«Дык хадзем да мяне! — кажа Воўк. — У мяне і хата вялікая, і ежу не ведаю куды падзець! Аднаго мне не хапае ў маёй хаце — прыгажосці. Хадзем, будзеш мяне сваёй прыгажосцю радаваць, а я цябе за гэта карміць буду».

«А што я за гэта рабіць у цябе буду? Я ж нічога не ўмею, ды і запэцкацца падчас працы баюся…» — кажа Баранчык.

«Ды нічога рабіць не трэба, ты толькі да хаты маёй дайдзі…» — адказвае Шэры Воўк.

Узрадаваўся Баранчык ды пайшоў у лес з Шэрым Ваўком. З таго часу ніхто Баранчыка-гультая больш не бачыў.

Варона казала, што ў лесе неяк угледзела пад вялікім паваленым дрэвам закручаныя рожкі, маленькія капыткі ды беленькі кажушок.

І праўда, хто ж захоча гультая трымаць, ды яшчэ і карміць і даглядаць яго. Не трэба быць гультаём. Трэба самому думаць, як жыць будзеш, калі вясёлыя часы скончацца. Лепш папрацаваць, каб сваё мець, чым па чужых хатах хадзіць ды ежу сабе выпрошваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?