Дом міласэрнасці  ў вёсцы Аляксандраўка. Фота з сайта БХД.

Дом міласэрнасці ў вёсцы Аляксандраўка. Фота з сайта БХД.

Дом міласэрнасці ў вёсцы Аляксандраўка. Фота з сайта БХД.

Дом міласэрнасці ў вёсцы Аляксандраўка. Фота з сайта БХД.

Пастанова аб распачынанні крымінальнай справы супраць Аляксея Шчадрова. Фота з сайта БХД.

Пастанова аб распачынанні крымінальнай справы супраць Аляксея Шчадрова. Фота з сайта БХД.

Такога наўмысна не прыдумаеш. У вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна мясцовы вернік Аляксей Шчадроў адкрыў дом міласэрнасці для «пакінутых і абяздоленых». Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 193.1 КК «Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».

Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту тэрмінам да шасці месяцаў ці пазбаўленнея волі на тэрмін да двух гадоў.

Сам Шчадроў кажа, што ён проста дапамагае людзям, да якіх няма справы дзяржаве:
«Мы адкрылі першы дом міласэрнасці 1 снежня 2011 года. Затым для патрэбаў дома міласэрнасці мы набылі яшчэ два будынкі ў Аляксандраўцы — нам іх саступілі танна, за 500 ды 700 даляраў».
Ад таго часу ў доме міласэрнасці пабывала 97 чалавек.
Паводле словаў Шчадрова, сюды прыходзяць не толькі бяздомныя. Праходзяць рэабілітацыю і тыя, хто нядаўна вызваліўся з турмаў. Прыязджаюць нават людзі, у якіх узніклі складанасці ў сям’і… Звычайна людзі праводзяць у доме міласэрнасці некалькі месяцаў, а потым хтосьці знаходзіць працу, хтосьці вяртаецца ў сям’ю. Ёсць і тыя, хто, перазімаваўшы, вяртаецца да ранейшага ладу жыцця.

«Была, напрыклад, жанчына з дзіцём, — расказвае спадар Аляксей. — Яна грукалася ў манастыры, але ёй адмаўлялі ў дапамозе. Прыйшла ў дом міласэрнасці — мы яе накармілі, дапамаглі з аддзеннем. Яна сказала «дзякуй» і пайшла далей. Цяпер у нас жыве чалавек, які прыехаў з Ваўкавыскага рэабілітацыйнага цэнтра — там ён знаходзіўся пасля вызвалення з турмы. Ён кажа, што з’ехаў адтуль, бо там рэжым, што ў той турме. А з Аляксандраўкі з’язджаць не хоча — падабаецца яму тут».

Шчадроў кажа, што

людзі праходзяць рэабілітацыю з дапамогай працы і малітвы. У дома міласэрнасці ёсць свая гаспадарка: гароды, куры, козы, свінні. Дапамагаюць дому міласэрнасці вернікі розных канфесій.
«З рамонтам дамоў дапамог мясцовы фермер. Ён і прадукты прывозіць часта», — кажа Шчадроў.

«Для малітваў мы зладзілі невялікую капліцу імя маці Тэрэзы. У ёй службу праводзіў гродзенскі ксёндз Аляксандр Шэмет. І я бачыў, як людзі мяняюцца ў лепшы бок, як яны адкрываюцца Богу».

Аднак менавіта рэлігійны кампанент дзейнасці дома міласэрнасці, як сцвярджае Шчадроў, стаў дамінантай у справе супраць яго.

«Чыноўнікі ведалі пра дом міласэрнасці. Упершыню прыехалі 10 снежня 2011 года. Там былі і са шчучынскай міліцыі, і з сельсавета. Казалі, што трэба рэгістраваць аб’яднанне. Але я адказаў, што не буду з імі сварыцца, а буду далей маліцца Богу ды дапамагаць людзям.

Але праз нейкі час, ужо пасля стварэння капліцы, адзін з жыхароў дома міласэрнасці расказаў міліцыі, што ў прытулку «моляцца».
Тады ўжо прыехалі людзі з КДБ, прыехаў пракурор, Ігар Папоў з аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гарадзенскага аблвыканкама.

Тады канфіскавалі ўсю нашу літаратуру, у тым ліку Бібліі. Вазілі іх на экспертызу ў Гродна, затым у Мінск. Нічога нелегальнага не знайшлі, аднак па мясцовым тэлебачанні і радыё паказалі, нібыта ў вёсцы Аляксандраўка выкрылі і разагналі дэструктыўную секту.

Праз гэту сітуацыю мы страцілі нашага святара. Папоў мае на ксяндза Аляксандра Шэмета зуб, бо той у 2006 годзе ў Гродна зладзіў галадоўку пратэсту — улады не дазвалялі пабудаваць касцёл. Таму Папоў пайшоў да біскупа, і біскуп у лютым гэтага года забараніў Шэмету праводзіць у нас службы. Цяпер біскуп кажа, што дазволіць святарам у нас ладзіць набажэнствы, толькі калі афіцыйна зарэгіструем рэлігійную суполку. Таксама сказалі нам да таго часу капліцу ператварыць ізноў у спальны пакой», — кажа Шчадроў.

Пакуль крымінальная справа знаходзіцца ў распрацоўцы, дзейнасць дому міласэрнасці ў Аляксандраўцы не спыняецца, а Аляксей Шчадроў кажа, што будзе спрабаваць афіцыйна зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю.

«Нас падтрымліваюць людзі, падтрымлівае і Касцёл. Нунцый Гуджэроці цёпла выказваўся пра дом міласэрнасці ў Аляксандраўцы. Ёсць чалавек, які ўзяўся дапамагчы са зборам дакументаў і працэдурамі, бо я далёкі ад усяго гэтага. Мне прасцей падабраць абяздоленага, абмыць яго, накарміць. Трэба дапамагаць такім людзям, бо дзяржава імі не займаецца».

Выканаўца абавязкаў старшыні аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Скрабко адмовіўся каментаваць сітуацыю вакол дома міласэрнасці ў Аляксандраўцы. «Толькі рашэнне суда канчаткова вызначыць, чым насамрэч з’яўляецца гэты прытулак. Да гэтага моманту рана нешта заяўляць», — паведаміў ён.

У Следчым камітэце справу Шчадрова таксама не каментуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?