У трох вёсках Віцебскага раёна — Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка — у насельніцтва канфіскавалі і знішчылі свіней, якіх трымалі ў асабістых прысядзібных гаспадарках.
Матывуецца гэта нейкай эпідэміяй, але якая менавіта гаспадарам жывёл не кажуць.

У Шапечыне, пры з’яўленні карэспандэнта з камерай, людзі хаваюць вочы і адмаўляюцца размаўляць. Атрымалася пагутарыць толькі з маладым хлопцам —

ён пацвердзіў, што 19 чэрвеня ў іх вёсцы канфіскавалі ўсіх свіней, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезлі ў невядомым кірунку
. Насельніцтву параілі асабліва не казаць пра выпадак, калі не хочуць непрыемнасцей на працы.
У Асінаўку ліквідатары дабраліся толькі сёння, і частка гаспадароў паспела зарэзаць сваіх свіней. Але ў тых, хто не паспеў апрацаваць забітых, свіныя тушы забіралі, канфіскоўвалі і разрэзанае мяса, калі знаходзілі ў доме.

Як распавяла адна з жыхарак Асінаўкі, за некалькі дзён да гэтага падворкі абыходзіў старшыня сельсавета, які запісваў у каго колькі свіней.

Сёння адбіраць жывёл прыехалі прадстаўнікі ветэрынарнай службы ў суправаджэнні міліцыі.
Забітых свіней ніхто не ўзважваў, нават мернай стужкі пры сабе ў ліквідацыйнай каманды не аказалася — вага жывёлы ў акт канфіскацыі запісвалася «на вока».

Карэспандэнту атрымалася пагутарыць з дэзінфектарамі, якія прыехалі апрацоўваць пабудовы, дзе ўтрымліваліся свінні.

Яны сказалі, што не ведаюць, чым былі хворыя жывёлы, проста атрымалі ўказанне апрацаваць хлявы каўстычнай содай.
Да гэтага, пры канфіскацыі, памяшканні апырсквалі хлоркай. Зрэшты, кантактаваць з прэсай гэтыя людзі відавочна не жадалі.

У той жа час, як стала вядома «Народным навінам Віцебска», пасля распаўсюджвання інфармацыі аб канфіскацыі жывёл, у вёсцы Машканы Сенненскага раёна, побач з якой размешчаны буйны свінакомплекс, насельніцтва ў паніцы пачало масава забіваць асабістых свіней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?