Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, супрацоўнікі УУС па ахове метрапалітэна рэгулярна затрымліваюць правапарушальнікаў і прыцягваюць іх да адказнасці. Апошні прыклад меў месца ў падземным пераходзе станцыі «Уручча». Міліцыянеры затрымалі 25-гадовага жыхара аднайменнага мікрараёна, які на сцяне пераходу зрабіў надпіс маркерам зялёнага колеру. У дачыненні да маладога чалавека складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, суд пакараў яго штрафам у два мільёны рублёў.

«Найбольшы ўрон ад несанкцыянаванага графіці атрымліваюць падземныя пераходы станцый метрапалітэна, аднак дастаецца таксама і інтэр’еру вагонаў,
— адзначае начальнік УУС па ахове Мінскага метрапалітэна Сяргей Карповіч. — Правапарушальнікі, а гэта ў большасці сваёй маладыя людзі, гавораць, што такім чынам выказваюць свае музычныя ці спартыўныя прыхільнасці. Пры гэтым практычна ніхто з іх сур’ёзна не задумваецца аб прававых наступствах учынкаў».
Міліцыя папярэджвае, што артыкул 10.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў нязначным памеры (да 40 базавых велічынь), прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь.
Калі ж шкода прызнаецца значнай, то ўчынкі зламысніка могуць трапляць і пад дзеянне крымінальнай адказнасці. У прыватнасці на падставе артыкула 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) магчыма пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў. Калі ж гэтыя дзеянні былі ўчынены групай асоб ці грамадска небяспечным спосабам, то можна пазбавіцца волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў.
У ГУУС нагадваюць, што немалаважную ролю пры рэагаванні і зборы доказнай базы пры разглядзе адыгрываюць камеры відэаназірання.
Міліцыянеры лічаць гэтую меру адной з найбольш дзейных спосабаў прафілактыкі нанясення несанкцыянаваных насценных малюнкаў. Станцыі метро абсталяваны відэасістэмамі, акрамя таго ў грамадскіх месцах устаноўлены 124 камеры гарадскога відэаназірання, выява з якіх выводзіцца на экраны аператыўна-дзяжурнай службы ГУУС. Найбліжэйшаму нараду для затрымання спатрэбяцца лічаныя хвіліны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?