Праблемы Парку высокіх тэхналёгіяў запатрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі гогалеўскіх фарбаў. Ён пераканаўча прапанаваў асобам, адказным за праект беларускай "Крэмніевай даліны", абыходзіцца без манілаўшчыны. Так што ні магутныя піяраўскія высілкі, ні дзень нараджэньня прэзыдэнта не ўратавалі кіраўніцтва ПВТ ад крутой размовы.

Гэтая танальнасьць сьведчыць, што наверсе ўсё болей выразна асэнсоўваюць: старой экстэнсыўнай мадэлі — капец! Монстраў сацыялістычнай індустрыі, якія жаруць безьліч энэрганосьбітаў, трэба замяняць хайтэкам.

Але праблема ў тым, што хайтэк кепска прышчэпліваецца да рэліктавай сыстэмы ў эканоміцы і палітыцы.

"Беларускі ПВТ быў мёртванароджаным дзіцем", — толькі што пачуў я ад эканаміста Яраслава Раманчука. На ягоную думку, пражэкт стварэньня нейкага аазысу вольных рынкавых дачыненьняў і крышталёвай законнасьці — ва ўмовах цэнтралізаванай плянавай эканомікі, аўтарытарнага палітычнага рэжыму, карупцыі — сапраўды выглядаў манілаўскім ад пачатку.

А як жа рапарты пра ажыятаж сярод інвэстараў, пацікавіўся я ў Яраслава.

"Сюды, — кажа, — можна прывабіць хіба што нейкія спэкуляцыйныя кампаніі, бо пэўныя схемы дазваляюць "аптымізаваць падаткі". Увогуле ж у сьвеце нямала ПВТ, і між імі канкурэнцыя".

Са слоў суразмоўцы, беларускі тэхнапарк паводле вызначэньня ня здольны канкураваць з аналягамі ў Ірляндыі, Англіі, Нямеччыне. "І нават, — дадае Раманчук, — з паркам у Бангалёры".

Не тармазіце на кодавым слове!:) Гэты сымбаль прыніжэньня нашай апазыцыі ёсьць сымбалем гонару для індыйцаў. У горадзе з такой назвай яны зрабілі магутны ПВТ. Так што хай нашы чыноўнікі востраць лыжы на Бангалёр — па перадавы досьвед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?