31.08.2007 / 07:32

«Гэтыя правілы застануцца незаўважанымі грамадзтвам» 5

Як вы ацэньваеце новыя правілы беларускай мовы? Апытаньне


Сяргей Запрудзкі

Сяргей Запрудзкі, дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы БДУ, кандыдат філялягічных навук:

«Дасканалых правапісаў не існуе»

Шчыра кажучы, я ня вельмі цікаўлюся, што там адбываецца з правапісам. Мне, вядома, ня вельмі падабаецца пэўная келейнасьць гэтага. Мая пазыцыя такая — у правапісе цяпер лепш было б нічога не чапаць. Як і пяць, і дзесяць гадоў назад. Таму што дасканалых правапісаў не існуе. Тут вельмі многае залежыць ад згоды ў грамадзтве. Я спадзяюся, што цяперашнія папраўкі будуць мінімальнымі, ня вельмі істотнымі. Хаця, мяркуючы па друку, там былі рэчы ня вельмі пажаданыя. Маю на ўвазе правіла напісаньня складаных словаў. Фактычна гэта скасаваньне магчымасьці, каб у слове былі два націскі. Але нехта гэты пабочны націск адчувае, а нехта не адчувае. Скасаваньне другога «о» у складаным слове — гэта і не эстэтычна, не мілагучна.

***


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка, мовазнаўца:

«Нічога сэнсоўнага»

Займаюцца чарговай рэформай савецкага правапісу людзі, якія штодня не карыстаюцца беларускай мовай і якія нічога ніколі не рабілі для таго, каб беларуская мова рэальна функцыянавала хаця б у якой‑небудзь сфэры нашага жыцьця. Таму нічога добрага і сэнсоўнага ад гэтых рухаў чакаць не выпадае.

***


Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук:

«Правільна тое, што агульнапрынята»

Правапіс — гэта грамадзкае пагадненьне. У немцаў, у якіх мова функцыянуе на ўсе сто працэнтаў, рэформа абмяркоўвалася гадоў пяць. Галоўныя газэты з тыражамі па паўмільёна друкавалі гэтыя праекты, былі дыскусіі, выпускаліся брашуры. Гэта прафэсійны падыход. А ў нас функцыянаваньне мовы абмежаванае, і тут ёсьць небясьпека для тых беларускамоўных, якія будуць здаваць тэсты. Шырокая грамадзкасьць нічога пра гэта ня ведае. Недзе там ў «Настаўніцкай газеце» нешта было. Шчыра кажучы, той «клясычны правапіс», што рабілі Саўка, Бушлякоў, Вячорка… Я не падзяляю арыентацыі на пальшчызну. У правапісе і ў вымаўленьні эстэтычным і дарэчным ёсьць тое, што агульнапрынята і што ўсе ведаюць. Тут няма аб’ектыўных крытэрыяў слушнасьці, прыгажосьці альбо непрыгажосьці. Правільна тое, што агульнапрынята. Калі мы адчуваем, што «філялёгія» — гэта нешта ненармальнае, гэта значыць, што гэта агульна не прынятае, і мы з вамі ня маем нейкага агульнага падыходу. Агульнапрынятае — значыць, эстэтычна пажаданае. Яно можа толькі тады выкрышталізавацца, калі гэта паддаецца агульнаму ўжываньню ці абмеркаваньню.

***


Валянціна Аксак

Валянціна Аксак, паэтка, журналіст:

«Правілы прымаюць людзі, якія самі мовай не валодаюць»

Гэтыя праўкі прапанаваныя яшчэ нябожчыкам акадэмікам Падлужным, які, з майго досьведу сустрэчаў і кантактаў зь ім, сам размаўляў на клясычнай сучаснай трасянцы. І прыкладна ў гэткім рэчышчы падрыхтаваныя ім прапановы. Больш за тое, правілы гэтыя хочуць абмяркоўваць і прымаць у якасьці закону для беларусаў людзі, якія самі не валодаюць беларускай мовай, ня кажучы ўжо пра тое, ці ведаюць яны, ці ня ведаюць гэтыя правілы.

***


Зьміцер Саўка

Зьміцер Саўка, мовазнаўца:

«Мавазнаўства» стане навукай пра нячысьцікаў»

Там, у новых правілах, ёсьць моманты разумныя, несумненна. Правядзеньне «яканьня» ўва ўсіх лічэбніках: «дзявяты», «дзясяты», «сямнаццаць»… І ўвядзеньне даволі лібэральных правілаў пераносу. Але ўсе астатнія дробныя станоўчасьці блякнуць на тле адмоўных прапановаў. Не хацеў бы абнадзейваць тых, хто бачыць у гэтай рэформе нейкія інтэграцыйныя памкненьні. Яна ніякім чынам ня будзе спрыяць набліжэньню правапісу афіцыйнага, з аднаго боку, і правапісу «клясычнага», з другога. Бо нават моманты, якія б сьведчылі пра такія крокі, напрыклад, як напісаньне слова «Нью‑Ёрк» празь літару «ё»… Апошняя рэдакцыя, прапанаваная Міністэрствам адукацыі, адклікала гэтую прапанову, якая яшчэ ўвосень мінулага году была. Там яшчэ ёсьць некаторыя моманты, якія б набліжалі афіцыйны правапіс да правапісу клясычнага, але ў апошняй рэдакцыі, наколькі я ведаю, усе яны паздыманыя. Такім чынам, адбываецца крок назад. Што да непрымальных момантаў, якія прапаноўваюцца ў праекце, то хацеў бы назваць наступныя. Гэта пашырэньне «аканьня» ў запазычаньнях і ў складаных словах. Словы будуць проста непазнавальныя ў выніку. Напрыклад, «аўтаматакрос». Вы думаеце, гэта крос з аўтаматамі? Гэта той, што пакуль «аўтамота». Ці «мавазнаўства». Мава — гэта ў міталёгіі нячысьцік у жаночым абліччы. Наша мовазнаўства стане навукай, якая вывучае гэтых нячысьцікаў.

***


Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч, філёзаф:

«Грамадзтва не заўважыць»

Я думаю, што гэтыя правілы, якімі б яны ні былі ў канчатковым выглядзе, застануцца практычна не заўважанымі грамадзтвам. І хіба толькі тыя, хто непасрэдна працуе з мовай для друку, тыя будуць змушаныя, менавіта змушаныя, вывучыць іх, перакваліфікоўвацца на тыя зьмены, якія будуць устаноўленыя. А грамадзтва нават не заўважыць. Я думаю, што грамадзтва заўважыла б толькі ў адным выпадку — калі б раптам адбыўся пераход на «тарашкевіцу». Але, хутчэй за ўсё, гэты пераход раскалоў бы грамадзтва яшчэ мацней. Грамадзтва беларускае ў цэлым, за выняткам пэўных, досыць вузкіх літаратурных асяродкаў, я думаю, не прыняло б «тарашкевіцу» станоўча. Гэта б ускладніла сытуацыю з тым, што людзі ведаюць са школьнай праграмы, з кніг, якія яны чытаюць.

***


Генадзь Цыхун

Генадзь Цыхун, галоўны спэцыяліст Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук, прафэсар:

«Гэта пытаньне дамоўленасьці»

Я, як супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, вельмі слаба ведаю сутнасьць гэтых паправак. Я думаю, што істотных зьмен ня будзе ўнесена. Гэта ўсё касмэтычныя рэчы. Але нейкія людзі хочуць зрабіць з гэтага вялікую палітыку. У прынцыпе, правапіс — гэта не навуковае паняцьце. Навукі тут мала. Гэта пытаньне дамоўленасьці.

0
Дылетант / Адказаць
31.08.2007 / 10:42
ПАСЛАННЕ ПАЛІТЫКАНАМ Раней быў час і былі людзі, Цяпер няма людзей, бо час прайшоў; А вось, калі асудзяць суддзі, Заўважыце: "Нас час прыйшоў!". Хто схоча піша на "наркамцы", Ды іншы схоча "тарашкой"; Няўжо цяпер мы усе паганцы - Спадарства, думай галавой! Падумай болей, ты, якслед, Што зробіш блытанінай гэтай, Бо рознасцю ў крывійскі свет Мы адракаемся вышэйшай мэты: Не зможам мы злучыць адразу Усе нашы сілы для Радзімы - І, як заўсёды, на паразу Асуджаны наш край любімы. І вось, як колькі год таму, Згарэла ўсё пан(н)ы з-за вас Бо далі Ворагу, Яму, На перапынак справы час. А справа-воля патрабуе З'яднання нашага народа, Ды нас тады не патурбуе, Праблемы ў ворага-урода! Мы пераможам, бо ўсё намі, Мацней за нас няма нікога, Бо выйдзем шчыльнымі радамі - Не паўтарыцца больш нямога! Цяпер час наш чакае нас, Адвеку спалі, колькі шчэ? Не здзюжа вораг, скажа "пас", А мы не сцерпім "О" ды "ПШЭ"!
0
vaukalak / Адказаць
02.09.2007 / 19:27
A Viachorka pastareu... Tak, Belarusy pavinny havaryc' pa-belarusku. Ale ciazhkas'ci paustaiuc' nia tol'ki z-za rusifikacyi. Belarusy roznyx regijonau Belarusi razmauliajuc' pa-belarusku, ale pa-roznamu. Inshy raz adroz'nen'ni pamizh miascovymi belaruskimi dyjalektami (ci usjo zh movami?) bol'shyja, chymsja adroz'nen'ni pamizh aficyjnaj versijaj belaruskae movy i aficyjnaj ruskaj movaj. U nekatoryx meiscax Belarusi aficyjnaja belaruskaja mova z'jauljaecca dlja vuxa miascovaha zhyxara takoj zha chuzhynnaj, jak i mova rasejskaja. Vedaiu heta na ulasnym prykladze. Ja vuchyusia u belaruskaj shkole z belaruskaj movaj navuchan'nia. Zajmausja velmi dobra, ale vyxodziachy na vulizu, my peraxodzili na svaju miascovuiu movu, jakuiu lichyli sapraudy rodnaj. I tak ad naradzen'nia i da 10 kljasy. I potym praz usio zhyc'cio. Da sion'niashniaha dnia. Tol'ki taia mova z'iauliaecca pa-sapraudnamu mne rodnaj, na jakoj gavaryli mae bac'ki i use liudzi, sjarod jakix ja vyras. I anijakija reformy pravapisu ne zmusjac' miane pajs'ci nasuperak voli maiho serca. Na zakanchen'ne-nevialikaia spasylka, jakaja u nejkim sen'se pasue. http://n-europe.eu/content/?p=1398
0
Ales' Jurkaviec / Адказаць
02.09.2007 / 23:39
Так, мяне таксама надта закранае і проста абурае тое, што мяне, беларускамоўнага чалавека, будуць вучыць, як пісаць на маёй роднай мове тыя людзі, якія гэтай мовай не валодаюць ды і наогул чхаць на яе хацелі. Згодзен тут з Валянцінай Аксак ды Вінцуком Вячоркам. А ўвогуле словы ўсіх, хто выказаўся, у мяне непрыманьня не выклікаюць. Усё гэта так і ёсьць.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру