Былы камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігар Азаронак па прыгаворы суда адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах, былы намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень — у ПК № 3 у Віцебску. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук.

«Сядзіцца ім як і астатняму спецкантынгенту. Ніякія перавагі ім не ствараюцца. На льготным становішчы гэтыя сядзельцы не знаходзяцца <…> Думаю, іх не крыўдзяць, скаргаў у адпаведныя падраздзяленні дэпартамента выканання пакаранняў МУС і Генеральную пракуратуру не паступала», — сказаў намеснік генпракурора. Чым Азаронак і Полудзень займаюцца ў зняволенні, Стук сказаць не змог.

Ён паведаміў, што Азаронак некалькі разоў абскардзіў прыгавор, але «Генпракуратура не бачыць падстаў для таго, каб умешвацца ў прыгавор».

Былы камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Ігар Азаронак за лабіраванне інтарэсаў расійскага прадпрыемства быў прыгавораны 12 снежня 2010 года да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён пазбаўлены вайсковага звання генерал-маёр, на працягу 5 гадоў яму забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

Былы буйны ваенны чын прызнаны вінаватым «у прыняцці для сябе матэрыяльных каштоўнасцей у асабліва буйным памеры, якія даваліся выключна з-за яго становішча за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яго кампетэнцыю». Яго дзеянні кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Былы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень быў прыгавораны 25 сакавіка 2013 года да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён пазбаўлены спецыяльнага звання палкоўніка міліцыі. Яму забаронена на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, і 4 гадоў — з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады.

Полудзень прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?