Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 26 чэрвеня прынялі ў першым чытанні законапраект аб унясенні зменаў у закон «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы».

Паводле слоў старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгія Кузняцова, законапраект распрацаваны «з мэтай абароны правоў і свабод грамадзян Беларусі, уключаючы мінарытарных акцыянераў». Дакумент, у прыватнасці, перадае прадстаўнікам дзяржавы магчымасць галасаваць на сходах акцыянерных таварыстваў галасамі мінарытарыяў. Так, у тых ААТ, дзе дзярждоля складае 50 і менш працэнтаў, прадстаўнікі дзяржавы змогуць галасаваць на агульным сходзе акцыянераў галасамі, што належаць мінарытарным акцыянерам, якія маюць права на ўдзел у сходзе і не прайшлі ва ўстаноўленым парадку рэгістрацыю для ўдзелу ў ім.

Апрача таго, законапраект прадугледжвае магчымасць прызначэння дзяржпрадстаўнікоў нават у тыя акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе прыватызацыі, у якіх у дзяржавы няма долі.
Згодна з дакументам, такія дзяржаўныя прадстаўнікі будуць прызначацца абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.

У адпаведнасці з законапраектам, дзяржпрадстаўнікі змогуць прыпыняць выкананне рашэнняў агульнага сходу акцыянераў у выпадку, «калі рэалізацыя гэтых рашэнняў супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць урон навакольнаму асяроддзю, ушчамляе правы і інтарэсы іншых асоб, якія абараняюцца законам». Пры гэтым рашэнне аб прыпыненні выканання рашэння агульнага сходу акцыянераў уносіцца дзяржпрадстаўніком акцыянернаму таварыству не пазней за дзень, які ідзе за днём правядзення агульнага сходу, шляхам накіравання яго па факсімільнай сувязі, па электроннай пошце ці іншым даступным спосабам. У месячны тэрмін з дня правядзення агульнага сходу акцыянераў, выкананне рашэння якога прыпынена, абласны, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, які прызначыў дзяржпрадстаўніка, звяртаецца ў гаспадарчы суд з іскам аб прызнанні несапраўдным прыпыненага рашэння агульнага сходу акцыянераў.

На думку дзелавой супольнасці, інстытут уладальніцкага нагляду, стварэнне якога прадугледжвае законапраект, фактычна прывядзе да аднаўлення дзеяння ў краіне «залатой акцыі», адмененай у 2008 годзе.

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец мяркуе, што асноўныя механізмы «залатой акцыі» ў выпадку прыняцця законапраекта зноў запрацуюць. «Гэта дазволіць блакіраваць здзелкі не толькі ў момант іх зараджэння, але і пасля таго, як яны адбудуцца. Калі здзелка адмяняецца праз некалькі гадоў — найбольш страшна», — каментаваў раней Швец наступствы прыняцця законапраекта.

Прадстаўнікі бізнесу, а таксама міжнародных фінансавых арганізацый неаднаразова звярталіся ва ўрад у сувязі з падрыхтоўкай гэтага законапраекта. Так, члены Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце міністраў звярталіся ў лютым гэтага года да прэм’ер-міністра, выказваючы занепакоенасць падрыхтаваным законапраектам.

«Магчымасць накладання чыноўнікамі забароны на шэраг рашэнняў акцыянерных таварыстваў па сутнасці азначае вяртанне да сітуацыі, аналагічнай існаванню адмененага яшчэ ў 2008 годзе інстытута «залатой акцыі», — зазначалі ў сваім лісце члены Кансультатыўнага савета.

Апрача таго, паводле наяўных звестак, падобную занепакоенасць выказвалі прадстаўнікі Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC), якія таксама адпраўлялі лісты на імя прэм’ер-міністра Беларусі.

Нагадаем, што з другой паловы 1990-х у Беларусі дзейнічаў механізм «залатой акцыі», які ўяўляў з сябе асаблівае права дзяржавы на кіраванне прадпрыемствамі нават у тых выпадках, калі дзярждоля ў іх адсутнічала. У 2008-м «залатая акцыя» была адмененая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?