Цэны на сталічную нерухомасць падскочылі гэтай вясной. Цана квадратнага метра дасягнула амаль $1700. Праўда, выраслі цэны на кватэры, следам за імі падцягваецца і рынак дамоў.
«Наша Ніва» склала рэйтынг самага дарагога жылля Мінска. Летась, калі мы публікавалі падобны спіс, цана на прыватныя дамы не перавышала $2 мільёны. Цяпер самы дарагі катэдж прадаецца за $2,2 мільёна. Каб сабраць такія грошы, маючы сярэдні заробак і сплачваючы падаткі, беларусу давядзецца працаваць 373 гады!
Новабуд з голымі сценамі на беразе Цнянскага вадасховишча. Цана — $2,2 мільёна.
Дом у Навінках. Цана — $2,2 мільёна.
Катэдж у Вайсковым завулку. Цана — $2,1 мільёна.
Катэдж на Дароўскім завулку з цёплым басейнам на двары. Цана — $1,9 мільёна.
Лясны дом у Ждановічах. Цана — $1,8 мільёна.
1. Новабуд з голымі сценамі
Цана — $2,2 мільёна.
Дом на першай берагавой лініі Цнянскага вадасховішча прадаецца па рэкорднай цане. Спачатку трэба заплаціць мільёны за прыгажосць прыроды — побач лес і рака, а пасля яшчэ ўкласці круглую суму ў рамонт. Катэдж за шалёныя грошы прадаецца з голымі сценамі.
У доме агульнай плошчай 767 м2 два паверхі, падвал і гараж. На першым паверсе выдзеленае месца пад веранду, кухню¬сталовую і басейн, на другім праекціроўшчыкі запланавалі чатыры жылыя пакоі, рабочы кабінет, гардэробную і тры санвузлы.
Пад агуркі ды памідоры ёсць яшчэ 10 сотак.
2. Дом, дзе госці жывуць асобна
Цана — $2,2 мільёна.
У дом у Навінках можна засяляцца хоць адразу. Прапанова незвычайная — на ўчастку плошчай 20 сотак адразу два жылыя збудаванні. Гэта чатырохузроўневы катэдж гаспадароў і двухпавярховік для гасцей. Агульная плошча — 950 м2!
На ўчастку ўжо папрацаваў ландшафтны дызайнер — ручай, кветкі, кусты і елка пасярод двара. Катэдж прадаецца з аздабленнем — ад більярднага стала і басейна да зімовага сада і спальняў з балдахінамі.
3. Катэдж на плошчы Перамогі
Цана — $2,1 мільёна.
Двухпавярховік у ціхім месцы на Вайсковым завулку — некалькі хвілін пешшу ад плошчы Перамогі — запісаны ў рэкламных каталогах амаль год. Але купцоў мала праз завысокую цану. Агульная плошча дома складае 300 м2, гэта значыць, квадратны метр у ім каштуе $7000.
«Сталінкі» ў гэтым месцы давалі чыгуначнаму начальству, дзве¬чатыры сям’і на дом. Але ў гэтым выпадку цяперашняму гаспадару ўдалося атрымаць ва ўласнасць абедзве кватэры. Прадаўцы элітнай нерухомасці арыентуюцца на расійскіх пакупнікоў. Аднак і тыя не гатовыя плаціць за кватэры і катэджы мільёны даляраў.
4. Катэдж з цёплым басейнам на двары
Цана — $1,9 мільёна.
У гэтым катэджы плошчай 430 м2 на Дароўскім завулку з гасцёўні можна скочыць проста ў ваду, хоць эксплуатацыя басейна ў зімовы і вясновы час выклікае шмат пытанняў. Мэбля, тэхніка, саўна, кіназала ды більярдная — у цану ўключана ўсё.
Але найбольш каштуе прэстыжнае месца — побач Дразды, наменклатурны рай лукашэнкаўцаў.
5. Лясны дом у Ждановічах
Цана — $1,8 мільёна.
Самы дарагі катэдж за межамі мінскай кальцавой знаходзіцца ў Ждановічах. Зрэшты, гэта ўсяго за пару кіламетраў ад горада. Тут прадаецца трохузроўневы дом у лесе.
Звяртае на сябе ўвагу арыгінальны архітэктурны праект — яркая цэгла кідаецца ў вочы здалёк. Хапае цікавостак і ўнутры, напрыклад, падвясная лесвіца на другі паверх. У катэджы зроблены еўрарамонт, аднак мэблі пакуль мала, давядзецца дакупляць.