Аляксей Шчадроў ля хаты, у якой цяпер жывуць мужчыны. Яе для дома міласэрнасці Аляксей набыў першай.

Аляксей Шчадроў ля хаты, у якой цяпер жывуць мужчыны. Яе для дома міласэрнасці Аляксей набыў першай.

У гэтым пакоі раней была капліца Маці Тэрэзы. Аднак яе прыбралі, бо дом міласэрнасці ў Аляксандраўцы не ёсць зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй.

У гэтым пакоі раней была капліца Маці Тэрэзы. Аднак яе прыбралі, бо дом міласэрнасці ў Аляксандраўцы не ёсць зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй.

Слава адмарозіў ногі, і частку ступні яму ампутавалі. Цяпер ён адзін з «ляжачых» у доме Луіджы.

Слава адмарозіў ногі, і частку ступні яму ампутавалі. Цяпер ён адзін з «ляжачых» у доме Луіджы.

Сяргей — паралізаваны бомж, якога Аляксей падабраў у гарадзенскім сутарэнні.

Сяргей — паралізаваны бомж, якога Аляксей падабраў у гарадзенскім сутарэнні.

Ганна не хоча з’яжджаць з дома міласэрнасці. Яна кажа, што тут адчувае сябе некаму патрэбнай.

Ганна не хоча з’яжджаць з дома міласэрнасці. Яна кажа, што тут адчувае сябе некаму патрэбнай.

Ганна — адзіная жанчына, што засталася ў прытулку. Яна жыве ў доме насупраць, гатуе ежу і дапамагае па гаспадарчых справах.

Ганна — адзіная жанчына, што засталася ў прытулку. Яна жыве ў доме насупраць, гатуе ежу і дапамагае па гаспадарчых справах.

Ганна ў гародзе

Ганна ў гародзе

Аднак суседзям Аляксея не вельмі падабаецца падобнае суседства.

Аднак суседзям Аляксея не вельмі падабаецца падобнае суседства.

У гаспадарцы Аляксея куры, козы і свінні.

У гаспадарцы Аляксея куры, козы і свінні.

Не абышлося без катоў і сабак.

Не абышлося без катоў і сабак.

Сад ля жаночага дома.

Сад ля жаночага дома.

Сцяна ля ўвахода ў капліцу аздоблена фатаздымкамі.

Сцяна ля ўвахода ў капліцу аздоблена фатаздымкамі.

«Наша Ніва» пісала ўжо аб крымінальнай справе на арганізатара прытулку для бяздомнікаў. Яго звінавацілі ў сектанцтве і дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Дом міласэрнасці, заснаваны Аляксеем Шчадровым, працуе ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна. Карэспандэнт «Нашай Нівы» наведаў незвычайную ўстанову і паглядзеў, ці насамрэч там дзейнічае рэлігійная секта.

У вёсцы добра калі набярэцца дваццаць хат, аднак заселеных з іх яшчэ менш. Адразу тры хаты займае прытулак для бяздомных, арганізаваны Аляксеем Шчадровым, якога ў вёсцы ўсе ведаюць як Луіджы — такое імя ён узяў, калі прыняў паслушэнства.

«Пачні з каранёў»

«Я гадаваўся ў Наваполацку, у сіроцкім інтэрнаце. З дзяцінства цягам сямі гадоў ездзіў на ўсё лета ў Італію і жыў у тамтэйшай сям’і, — узгадвае Аляксей. — Аднак у Італіі здарыўся трагічны выпадак: загінула дзіця з Беларусі, таксама сірата. І Лукашэнка загадаў, каб усіх дзяцей, якія ездзілі ў гэтую краіну, вярнулі назад. Нейкім чынам вярталі нават дзяцей, якіх усынавілі італьянскія бацькі. Так я зноўку аказаўся ў інтэрнаце. Пасля паступіў у медвучэльню, атрымаў спецыяльнасць фельчара і працаваў у хуткай дапамозе».

Вернікам Аляксей стаў нядаўна, ужо калі працаваў фельчарам. «Госпад пасылаў мне знакі, і я зразумеў, што мне трэба дапамагаць бедным і абяздоленым, — працягвае ён. — Тады я прыйшоў да мітрапаліта Кандрусевіча і папрасіў яго дабраславіць мяне. Кандрусевіч дабраславіў і сказаў: „Я не ведаю, з чаго ты пачнеш, як ты будзеш дапамагаць бедным, бо ты сам бедны“. Ён параіў мне пачынаць з каранёў. І я пачаў з каранёў: стаў шукаць хаты для дома міласэрнасці. Пытаўся ў вернікаў у касцёле, і мне дапамагалі хто чым мог. У выніку мне прадалі хату ў вёсцы Аляксандраўка. Танна, за $500. І грошы на яе дасылалі з усёй Беларусі — людзі самі даведваліся, чым я займаюся, і ахвяравалі. Потым мы набылі яшчэ дзве хаты ў Аляксандраўцы».

«Было 20 чалавек, засталося 5»

Дом міласэрнасці адкрыўся 1 снежня 2011. За ўвесь час працы Аляксей прытуліў 97 чалавек.

Асноўныя «госці» дома міласэрнасці — бяздомныя, алкаголікі, жабракі, былыя зняволеныя. Аляксей сам знаходзіць іх у Гродна і прывозіць у Аляксандраўку, а часам яны прыязджаюць да яго самі.

«Я шукаю на вакзале, у сутарэннях. Аднак усе жабракі ўжо ведаюць пра мяне — шточацвер я прывожу ежу і раздаю яе каля Фарнага касцёла», — кажа Шчадроў.

Да нядаўняга часу ў ягоным доме міласэрнасці жыў 21 чалавек. Але пасля таго, як супраць Аляксея завялі крымінальную справу па артыкуле «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці», большасць з іх з’ехала з Аляксандраўкі.

«Яны сказалі, што калі мяне пасадзяць, ім не будзе куды ісці. Таму лепш паклапаціцца пра месца загадзя — і з’ехалі. Цяпер у доме міласэрнасці жыве толькі пяцёра. Сяргей — паралізаваны бомж. Я знайшоў яго ў сутарэнні, ён быў увесь у паразітах, зарослы. Слава — яшчэ адзін ляжачы. Ён адмарозіў ногі, і іх часткова ампутавалі. Яшчэ двое мужчынаў здолелі ўладкавацца на працу, а адзіная жанчына Ганна працуе ў гародзе і дапамагае па кухні», — пералічвае Аляксей.

Суседзі не разумеюць

Аляксей кажа, што яму дапамагаюць многія вернікі. «Хто чым можа: аддзеннем, ежай, нехта дапамагае па гаспадарцы. Вось мясцовы фермер дапамог зрабіць рамонт, перыядычна прывозіць ежу. Неяк выклікалі „хуткую“. Прыехала доктарка і паглядзела, што мы робім добрую справу. Дык яна вярнулася, прывезла ежу і вопратку, дапамагала працаваць. На свеце многа добрых людзей», — расказвае ён.

Хаты дома міласэрнасці хоць і выглядаюць старымі, унутры даволі ўтульныя і чыстыя. У іх абсталяваныя санвузлы з ваннамі і ўнітазам — рэдкасць для вёскі нават сёння. У Аляксея ў Аляксандраўцы свая гаспадарка, якая часткова дапамагае забяспечваць жыццё: козы, куры, свінні.

Аднак мясцовыя жыхары — стала ў Аляксандраўцы жывуць пяцёра — не ўпадабалі суседства з «дэкласаванымі элементамі». Невысокага меркавання яны і пра самога Луіджы.

«Возьме свой ружанец ды ходзіць па вёсцы, нічога не робіць. Дык уладкаваўся б на працу, што гэта за мужык такі?» — абураецца сусед Аляксандра. На пытанне, ці дапагаў ён дому міласэрнасці, мужчына адказвае, што «ў нас сваіх дзяцей хапае». «Мы яго не чапаем і ён нас не чапае», — падсумоўвае ён.

Сам Аляксей кажа, што варожага стаўлення да яго справы ні ў каго няма. «Яны проста не разумеюць тое, чым я займаюся», — упэўнены ён.

«З Аляксандраўкі сказалі не браць»

«У нас тут няма спакусы піць, людзі працуюць і моляцца. Такая атмасфера дапамагае ім», — расказвае Аляксей.

Паводле яго словаў, мясцовыя ўлады не дапамагаюць займацца тэрапіяй «пакінутых і абяздоленых». Нават наадварот.

«Людзей, якія жывуць тут, не бяруць на працу ў мясцовыя калгасы. Так загадала кіраўніцтва, і калі даведваюцца, што чалавек жыве ў Аляксандраўцы, яму адмаўляюць у працы. Не бяруць і ў Васілішкі, а там буйная вёска і рукі патрэбныя. Вось, напрыклад, пад Мінскам жыве фермер, які пастаянна ўладкоўвае людзей з дома міласэрнасці. І потым прыязджае да мяне і кажа, што яны вельмі добра працуюць. А ў Васілішках разварочваюць», — абураецца Аляксей.

Няясная будучыня

«Калі б не гэтае месца, мае косткі б ужо згнілі!» — расказвае Ганна са Шчучына. Яе гісторыя банальная: як у тысячаў беларусаў, жыццё перакрэсліла алкагольная залежнасць. Цяпер яна не п’е, займаецца гаспадаркай і прыгатаваннем страваў у доме міласэрнасці.

«І мяне тут таксама не бяруць на працу, як даведаюцца, што я з Аляксандраўкі, хоць у мяне, у адрозненне ад бамжоў, ёсць шчучынская рэгістрацыя. Там пасля смерці маці мне адышла траціна хаты. Аднак я не хачу пакідаць гэты дом. Як там сказалі чыноўнікі, што ў нас няма бамжоў і бяздомных, у нас ёсць толькі маламаёмныя. Дык вось прытулак Луіджы — гэта месца, дзе мяне паважаюць, дзе да мяне ставяцца, як да чалавека. І я гатовая на ўвесь свет крычаць, каб захавалі гэта месца», — кажа яна.

«Я размаўляў з айцом Філіпі, сакратаром нунцыя Гуджэроці. Патлумачыў яму сітуацыю. А потым яшчэ і ксёндз Аляксандр Шэмет пагутарыў з ім і нагадаў пра праблемы. Я напісаў Папу ў Рым, напісаў арганізацыі Сёстраў Маці Тэрэзы, напісаў маме (Аляксей называе „мамай“ жанчыну, у якой ён жыў у Італіі — НН). Таму царква пра нашую праблему ведае і падтрымлівае нас», — расказвае Аляксей.

У Беларусі ж у Аляксея іншая вядомасць. «Па шчучынскім радыё і тэлебачанні паказалі і расказалі, што ў нас тут секта. Потым ксёндз Антоні Грэмза, намеснік гродзенскага епіскапа, сабраў журналістаў і расказаў ім, што тут не секта, тут займаюцца дапамогай людзям», — паведаміў Аляксандр. Аднак абвяржэння папярэдняй навіны пра секту так і не было.

У Аляксея шмат планаў наконт развіцця прытулку, і ён ахвотна дзеліцца імі. З ксяндзом Аляксандрам Шэметам, што праводзіў набажэнствы ў капліцы імя Маці Тэрэзы — жанчыны, якая дапамагала абяздоленым — яны абмяркоўвалі, як абкладуць хаты цэглай і блокамі, што пабудуюць пральню і арганізуюць блок каранціну для новых жыхароў прытулка.

Аднак, што станецца з домам міласэрнасці ў Аляксандраўцы, вызначыць суд: крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту да шасці месяцаў ці пазбаўлення волі да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?