Сёння стала вядома, што абвінавачанне супраць 23-гадовага аператара наваполацкага НПЗ «Нафтан» Андрэя Гайдукова перакваліфікаванае. Раней хлопца абвінавачвалі ў «Здрадзе дзяржаве» (арыткул 356), што прадгледжвае зняволенне ад 10 да 25 гадоў альбо пажыццёвае зняволенне. У чым абвінавачваюць Гайдукова цяпер, нікому невядома..

Прысуд мае быць вынесены 1 ліпеня. Пракурор папрасіў для Гайдукова 2 гады зняволення.
Мы звярнуліся да юрыста і палітолага Юрыя Чавусава, які выказаў свае здагадкі.

«Працэс закрыты, таму дакладна сказаць немагчыма, на якое злачынства перакваліфікаванае абвінавачанне.

У кантэксце таго, што Гайдукоў браў удзел у працы незарэгістраванага „Саюза маладых інтэлектуалаў“ варта адзначыць, што акурат 2 гады — гэта максімальны тэрмін па артукуле 193–1
„Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці“. Патэнцыйна можа быць прымененая і частка 2 артыкула 193 „Арганізацыя альбо кіраўніцтва грамадскага аб’яднання, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзян“, які адрозніваецца ад 193–1 тым, што прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі, што нанесла шкоду правам і інтарэсам грамадзянаў альбо перашкаджала выкананню імі дзяржаўных ці грамадскіх абавязкаў. Там максімальны тэрмін зняволення — 3 гады.
Тым не менш, найбольш імаверным мне падаецца прымяненне супраць Гайдукова артыкула КК 356–1 „Устанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы“.
Гэты артыкул паводле аб’ектыўнага складу злачынства блізкі да здрады дзяржаве, але ў ім адсутнічае нанясенне фактычнай шкоды бяспецы Рэспубліцы Беларусь. Максімальны тэрмін зняволення — 2 гады», — кажа Чавусаў.

«Наша Ніва»: То бок, маглі палічыць, што Гайдукоў устанаўліваў сувязь, але не шпіёніў?

ЮЧ: Трэба, канечне, бачыць працэс, каб ведаць што там да чаго. Але ад пачатку вядома, што Гайдукова абвінавачвалі не ў здзяйсненні закончанага злачынства, а толькі ў замаху. Першапачаткова мелася на ўвазе, што абвінавачаны спрабаваў здзейсніць здраду дзяржаве праз агентурную дзейнасць, але да завяршэння злачынства не давёў. Пракурор мог у працэсе вырашыць, што, калі абвінавачаны не паспеў выдаць сакрэты, але паспеў толькі ўстанавіць сувязь з замежнай выведкай, то ягоныя дзеянні падпадаюць пад артыкул 356–1.

Калі казаць папросту, сакрэтаў ён не паспеў выдаць і стратаў нацыянальнай бяспецы нанесена не было. Але і пры такім раскладзе ключавое пытанне застаецца без адказу: на якую замежную спецслужбу працаваў Гайдукоў? Без адказу на гэтае пытанне ані артыкул 356, ані артыкул 356–1 не будуць выглядаць як пераканаўчае абвінавачанне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?