У райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласці ўвялі «педагагічны патруль» — настаўнікаў змушаюць дзяжурыць на галоўнай пляцоўцы леташніх «Дажынак» — амфітэатры. Настаўнікі скардзяцца, што вечарамі па чатыры гадзіны павінны пільнаваць там правапарадак.

Горацкія настаўнікі сцвярджаюць, што кожная школа райцэнтра мае сфармаваць групы з пяці чалавек для дзяжурства ў амфітэатры ад 19-й да 23-й гадзіны. Не ўсе, хто трапляе ў спіс, ведаюць, што канкрэтна яны павінны рабіць на пляцоўцы.

Гаворыць адна з настаўніц: «Мы павінны сядзець у глядзельнай залі на радах. Нам за гэта нічога не плацяць, ніякіх адгулаў. Людзі ў адпачынку многія — абураюцца, але як у нашай школе, дык ходзяць усе».

Карэспандэнт: «Вы павінны студэнтаў разганяць ці шумныя кампаніі?»

Настаўніца: «Ніхто нічога не тлумачыць. Напэўна, каб там нічога не ламалі, не кралі. Ніякіх у нас паўнамоцтваў няма. Ніякіх павязак, ніякіх папераў, пасведчанняў — нічога гэтага няма ў нас».

Амфітэатр — гэта пляцоўка з паветкай накшталт ракавіны на беразе возера, а перад ёю — рады крэслаў пад адкрытым небам. Ёсць і падземныя памяшканні, але туды ўваход зачынены. Паводле настаўнікаў, на тэрыторыі амфітэатра няма прыбіральняў. Знаходжанне педагогаў на пляцоўцы адсочваюць правяральнікі, якія ў выпадку адсутнасці дзяжурных пішуць дакладныя ў адміністрацыі навучальных устаноў.

У аддзеле адукацыі Горацкага райвыканкама пацвердзілі факт дзяжурства педагогаў у амфітэатры. Супрацоўніца аддзела тлумачыць: «Гэта „педагагічны патруль“ так званы. Тут не стаіць пытанне, што там можна нешта скрасці. Там у вячэрні час могуць збірацца школьнікі. Каб прадухіліць нядобрыя паводзіны, там знаходзяцца педагогі — каб усё было пад кантролем. Вартаваць маёмасць там ніхто не прымушае».

Ахова правапарадку — непасрэдны абавязак міліцыі. У аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама ведаюць пра «педагагічны патруль». Запэўніваюць, што акрамя педагогаў прылеглую да амфітэатра тэрыторыю патрулюе міліцыя.

У супрацоўніка аддзела пытаюся: што настаўнікі могуць зрабіць з падлеткамі — хіба што патэлефанаваць у міліцыю?

Міліцыянер: «Могуць правесці прафілактычную гутарку. Дзеля гэтага „педагагічны патруль“ і ствараўся. Пятніца, субота і нядзеля — яны наведваюць дыскатэкі. Глядзяць за паводзінамі дзяцей, чым тыя займаюцца і ў якім стане».

Ці парушаюцца правы педагогаў, калі іх прыцягваюць да патрулявання, як у Горках, у непрацоўны час? Звяртаюся ў прафсаюз працаўнікоў адукацыі і навукі. Супрацоўніца прафсаюза не дае адназначнага каментара наконт сітуацыі, але зазначае: «У любым разе яны павінны выконваць толькі тыя абавязкі, якія прапісаныя ў службовай інструкцыі. Калі не прапісана, то гэтага не павінна быць. Які можа быць патруль, калі чалавек не хоча? Але для таго каб дакладна сказаць, мне трэба глядзець дакументы. Калі абавязкі там не прапісаныя, то за ўсю працу, якая не прапісаная, павінна быць дадатковая аплата і іхная згода».

Для Таварыства беларускай школы прыцягненне настаўнікаў да непрафесійных абавязкаў — не навіна. Паводле сябра таварыства Тамары Мацкевіч, «патруляванне» ў Горках — яшчэ адзін выпадак такога кшталту:

«Гэта відавочна незаконнае патрабаванне. Але тут трэба настаўніку вырашыць самаму — ці зойме ён грамадзянскую пазіцыю і будзе адстойваць свае прафесійныя правы, ці будзе падпарадкоўвацца. Я б пайшла ў той амфітэатр і праз кожныя пяць хвілін выклікала міліцыю, каб яны выконвалі абавязкі, за якія ім плацяць грошы».

Сам амфітэатр, з якога летась абвяшчаў пра адкрыццё «Дажынак» Аляксандр Лукашэнка, так дагэтуль і не давялі да ладу. Збудаванне гэтае называюць унікальным у Беларусі, але ніводная з арганізацыяў райцэнтра не хоча браць яго на баланс. Падземныя памяшканні цякуць, хоць іх пасля «Дажынак» некалькі разоў рамантавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?