Аляксандра Самца ў Карэлічах ведаюць. І ня дзіва. Адным зь першых ён заснаваў тут на пачатку 90‑х будаўнічы каапэратыў. У 1993‑м дзякуючы ягоным высілкам у раёне пачала дзейнічаць суполка Партыі БНФ. Такія асобы ў невялікіх местах не застаюцца па‑за ўвагай.

Аляксандар Самец — не гарадзкі чалавек, вялікія гарады яго ня вабяць. Нарадзіўся на Карэліччыне, у вёсцы Ярэмічы. Адвучыўшыся ў Менскім архітэктурна‑будаўнічым тэхнікуме, ды адслужыўшы ў Маскве ў войску, на пэўны час вярнуўся ў Менск. Але ня ўседзеў, вярнуўся дамоў: «Трэба жыць там, дзе твае карані».

Дзеда па бацьку Аляксандар ня бачыў — той загінуў у вайну. Нехта здаў, што сын‑партызан наведваўся дамоў. Немцы застрэлілі старога проста ў хаце, паставіўшы таго да печы. Небарака пражыў пяць гадзінаў з кулямі ў грудзёх і галаве. У вёсцы дзеда празь яго мажную постаць і незвычайную сілу звалі Царом.

Сям’я Аляксандра перабівалася, як кажуць, з хлеба на квас. Бацька Кастусь меў адукацыі пяць клясаў. Працаваў кавалём, у калгас уступіў адным з апошніх, рана пайшоў з жыцьця. «Сядуць, бывае, з брыгадзірам, гэткім самым грамацеем, ды лічаць, колькі каваль зарабіў», — узгадвае Самец. Адзін хоча, каб болей, другі, каб недаплаціць. Як брыгадзір сыходзіў, бацька браў свой мізэрны заробак, прыгаворваючы: «Вось жа гэтыя саветы! І за што я вошы ў зямлянцы карміў?»

«Я верыў у камунізм, але ня быў у партыі»

У першым сваім кабінэце малады прараб адшукаў за шафай партрэт Леніна і пачапіў яго на сьцяну. Ішлі апошнія гады савецкай імпэрыі. «Шчыра верыў у ідэі камунізму, хоць у партыю так і не ўступіў», — узгадвае ён. Потым, калі пабачыў, хто кіруе раённай камуністычнай арганізацыяй, то й думаць перастаў, каб стаць партыйцам. На пачатку пераломных 90‑х вырашыў сысьці на вольны хлеб, ды заснаваў першы ў Карэлічах будаўнічы каапэратыў. «Цяжка было — грошай хапіла толькі на тэчку для збору неабходных папераў, але потым пачаў няблага зарабляць», — з усьмешкай прыгадвае спадар Аляксандар.

«У газэтах пра апазыцыю пісалі, як пра зьвяроў»

Акурат тады, як бізнэс пачаў прыносіць прыбытак, Аляксандар зацікавіўся палітыкай. Увагу прыцягнула яшчэ ня цалкам вольная прэса, у якой дэмакратычную апазыцыю малявалі, як тых дзікуноў. Пабачыўшы недзе абвестку пра сьвята ў Купалаўскім сквэры, што ладзілі «зьвяры», наважыўся паехаць у сталіцу і ўсё пабачыць на свае вочы. Там сустрэў прыстойных маладых людзей пад бел‑чырвона‑белымі сьцягамі, пачуў добрую беларускую мову і вярнуўся дамоў іншым чалавекам. З сабою прывёз значкі, сьцяжкі ды газэты.

Палітыка пачала засмоктваць, і, не задаволіўшыся зборам подпісаў за перавыбары ў Вярхоўны Савет, Аляксандар стварае раённую суполку БНФ. Наладзіў для землякоў сустрэчу зь Зянонам Пазьняком. Пры канцы сустрэчы ў партыю запісалася больш за паўсотні чалавек. Старшынём суполкі без ваганьняў абралі Самца.

Ня той Самец

Суполка папаўнялася па‑рознаму. У 1996 г. Карэлічы ўскалыхнуў скандал — замест анансаванага баевіка мясцовае кабэльнае тэлебачаньне паказала «Звычайнага прэзыдэнта». Да старшыні мясцовага БНФ пацягнуліся па камэнтары журналісты са «Свабоды», БелаПАН, Reuters. Адну з тых перадачаў на «Свабодзе» пачуў кіроўца з суседняга калгасу. Вырашыў далучыцца да арганізацыі. Узяў тэлефонны даведнік ды патэлефанаваў А.Самцу. На ягоную беларускую мову на другім канцы дроту суха адказалі: «Гэта не да мяне, званіце па іншым нумары». Гэта быў намесьнік старшыні Карэліцкага райвыканкаму, таксама Аляксандар, і таксама Самец, якому той кінасэанс дарагога каштаваў.

Непрафэсійная дэмакратыя

Першым сур’ёзным выпрабаваньнем для новаўтворанай суполкі сталі прэзыдэнцкія выбары 1994 г. Вынік быў неблагі — Пазьняк атрымаў у Карэліцкім раёне другое месца, першае — Лукашэнка. Аднак Самец не ўважае гэта за перамогу, нават больш — упэўнены, што ў цэлым тады дэмакраты прайгралі ўсур’ёз і надоўга. Прычынай той і наступных паразаў лічыць палітычнае аматарства: «Мы працавалі напаўсілы, бо ў кожнага была яшчэ й асноўная праца, у большасьці — гаспадарка. Уявіце магчымы вынік, калі б кожны з нас быў цалкам аддадзены справе, ды не займаўся зарабляньнем грошай на жыцьцё». Будучы абраным у абласную Раду і Сойм, ён неаднойчы казаў пра неабходнасьць забесьпячэньня партыйцаў сродкамі на існаваньне, што б вызваліла час уласна на палітыку. Спрачаўся з Пазьняком. Але Зянон Станіслававіч адрэзаў: палітыка і грошы — несумяшчальныя. У Горадні яго яшчэ паслухалі ды падтрымалі, але ў сталіцы ідэю правінцыйнага старшыні праігнаравалі. Рэфэрэндумы, раскол Фронту ды няўцямны кандыдат ад апазыцыі на выбарах‑2001 падарвалі веру ў здольнасьць апазыцыі вырвацца з заганнага кола паразаў. «Народ ня любіць тых, хто прайграе, таму нам усім жыцьцёва неабходная перамога», — упэўнены былы ўжо старшыня Карэліцкага БНФ. Ён так і не далучыўся ні да аднаго з аскепкаў партыі.

Выгадаваў сына, пабудаваў дом, пасадзіў сад

Дом Самцоў прыцягвае ўвагу — вялікі, двухпавярховы драўляны будынак. Будавалі яго на дзьве сям’і разам з братам. У двары — невялікі садок, акуратны газон. Цяпер будуюць дом для сына, што ў чэрвені скончыў унівэрсытэт. Сын, дарэчы, увесь у бацьку: на дзяржаўную працу — настаўнічаць, ісьці не жадае, марыць пра ўласную справу.

«Думаў, што ўжо ня буду сам будаваць, ажно вось давялося ўзяцца за старое», — усьміхаецца Аляксандар. Дзеля гэтага з адной з суседніх вёсак перавезьлі зруб. Разьбіраць старое жытло ён любіць, бо часта кінутыя хаты хаваюць у сабе дробныя і вялікія таямніцы: старыя рэчы, спарахнелыя паперы, газэты. Дэманструе апошнія знаходкі — царскія ды савецкія грошы, старыя акуляры, дакумэнты. «Цікавей за гэта мне няма нічога», — кажа ён і дадае, што з задавальненьнем заняўся б пошукам даўніны. Некаму трэба гэтым займацца — зьбіраць старыя рэчы, запісваць за дзядамі, пакуль яны з намі, іхныя гісторыі, мяркуе сп.Аляксандар. Такое захапленьне невыпадковае — яго жонка працуе ў раённым краязнаўчым музэі.

«Я не прападу, былі б Сьцяг ды Мова»

Цяпер Аляксандар ізноў на вольным хлебе. Партыі няма, як і ня дзейнічае суполка ТБМ, якую ён таксама арганізоўваў. На палітыку аднак не забыўся зусім. Езьдзіць у Менск на акцыі, заходзіць у партыйныя офісы. Потым вязе незалежныя газэты, каб раздаць землякам.

Былога актывіста не хвалюе эканоміка, бо лічыць што пры любым рэжыме на сябе можна зарабіць: «Важна, каб мы былі адукаваныя, а найперш ведалі сваю гісторыю, карані, шанавалі мову, свае сымбалі, а тады і эканоміка запрацуе».

У яго талент знаходзіць аднадумцаў у любым калектыве, нават сярод будаўнікоў. Неяк пазнаёміўся зь вясковым шабашнікам, які проста з халявы боту выцягнуў сшытак з уласнымі вершамі. Некаторыя зь іх прагучалі потым на «Свабодзе», ды трапілі на старонкі «НН». Аляксандар Самец мае багатую бібліятэку беларускай літаратуры, гістарычных твораў. Пры кожным новым знаёмстве дае чалавеку штосьці пачытаць.

Размаўляем ля брамы Аляксандравага двору, побач па дарозе едзе на ровары ўнук суседкі. «Едзь сюды — возьмеш бабе газэтаў пачытаць», — дастае з салёну аўто апошнія нумары «НН» ды «Народнай волі» Аляксандар Канстанцінавіч. «Зерне кінутае ў ніву…» — першае, што пры гэтым прыходзіць на розум.

Сямён Печанко