31.08.2007 / 19:34

Мінфін прагназуе скачок бюджэтнага дэфіцыту ў 2008 годзе

Бюджэт складанага году: праект прадугледжвае абмежаваньне выдаткаў на абарону і органы правапарадку і ў той жа час рост датацый на прамысловасьць і сельскую гаспадарку і расходаў па дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграме.

style="border:0px
Мікалай Корбут

Чакаецца абмежаваньне расходаў на абарону і органы правапарадку і ў той жа час рост датацый на прамысловасьць і сельскую гаспадарку і расходаў па дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграме.

Прагнозны дэфіцыт бюджэту на 2008 год вызначаны на ўзроўні 2 працэнтаў ад ВУП — больш за 2,2 трыльёна беларускіх рублёў (болей за мільярд даляраў). Галоўнай крыніцай фінансаваньня дэфіцыту бюджэту стануць замежныя запазычаньні, паведаміў сёньня міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, прадстаўляючы на пасяджэньні Савету Міністраў праект бюджэту 2008 году.

Нагадаем, што сёлета бюджэт зводзіцца не з дэфіцытам, а з прафіцытам некалькі соцень мільярдаў рублёў.

Даходы кансалідаванага бюджэту Беларусі з улікам фондаў у 2008 годзе прагназуюцца ў суме Br50,5 трлн., што на 13,9 працэнта больш, чым у 2007 годзе. Расходы кансалідаванага бюджэту без уліку фондаў плянуюцца ў суме Br52,7 трлн., або на 15,3 працэнта больш, чым у гэтым годзе.

Рост расходаў на фінансаваньне прамысловасьці і сельскай гаспадаркі складзе проці 2007 году 17,1 працэнта, паведаміў Мікалай Корбут. Гэта апераджальны рост.

Гэтак, на праграму разьвіцьця вёскі выдзяляецца Br3,3 трлн (Br2,8 трлн у 2007‑м).

Таксама і фінансаваньне дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы ў 2008 годзе вырасьце амаль на 50 працэнтаў.

Рост заробкаў затармозіцца. Рэальная зарплата ў бюджэтнай сфэры за год мае вырасьці ўсяго на 5—7% до Br700 тыс. у сярэднемесячным вылічэньні да канца году. Усе апошнія гады, паводле афіцыйнай мэтодыкі падлікаў, яна расла ў тэмпе каля 10—20% за год.

Выдаткі на адукацыю маюць вырасьці на 16,6 працэнта да Br6,4 трлн, на ахову здароўя — на 16 працэнтаў да Br4,9 трлн. Гэты рост трохі апярэджвае агульны тэмп росту бюджэту.

Аб’ём фінансаваньня навукі ўзьнімецца на чвэрць, ды ўсё ж гэта ня дасьць вывесьці расходы на яе да заплянаваных колісь 0,6 працэнта ад ВУП.

Упершыню за доўгі час улады абмяжуюць (адносна ВУП) фінансаваньне сілавых ведамстваў: да Br3,5 трлн. Гэта 3,2 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту проці 3,4 працэнта ад ВУП у 2007 годзе. Аднак у абсалютным вымярэньне аб’ём фінансаваньня і тут трохі вырасьце.

Мінфін прагназуе рэзкі рост выдаткаў на абслугоўваньне замежнай запазычанасьці. Гэта вынік таго, што сёлета Беларусь інтэнсіўна прыцягвае рэсурсы з‑за мяжы, каб захаваць ранейшыя тэмпы эканамічнага росту і сацыяльных датацый.

Зазвычай праект бюджэту, прапанаваны Мінфінам, не падлягаў істотнай пераробцы ў часе абмеркаваньня ў Савеце Міністраў і парлямэнце і захоўваў свае агульныя рысы.

Мікола Бугай

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру