Пераезд архіва ў новы будынак бібліятэкі пачаўся 1 кастрычніка 2006 года і павінен быў доўжыцца на працягу года, але яго ўдалося завяршыць датэрмінова. Цяпер сховішча архіва займае пяць паверхаў Нацыянальнай бібліятэкі, яшчэ на адным паверсе размяшчаецца адміністрацыйны корпус. В.Селяменеў таксама зазначыў, што адбылося тэхнічнае перааснашчэнне архіва — цяпер усе супрацоўнікі забяспечаныя персанальнымі камп’ютэрамі, набыты два высокапрадукцыйныя сканеры і новыя апараты для чытання мікрафільмаў.
В.Селяменеў паведаміў, што ў час пераезду Нацыянальны архіў не спыняў працы — выконваліся сацыяльна‑прававыя і тэматычныя запыты, апрацоўваліся дакументы ўстаноў — крыніц камплектавання архіва, не працавала толькі чытальная зала. Яны адкрыецца 3 верасня.
Паводле слоў В.Селяменева, цяпер архіў налічвае крыху менш за 1 мільён дакументаў пачынаючы з 1917 года. Сярод іх — матэрыялы рэспубліканскіх устаноў, адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў, ведамстваў, прафсаюзных арганізацый. У Нацыянальным архіве працуе 153 чалавекі.