У Міністэрстве замежных спраў Беларусі не каментуюць інфармацыю аб тым, што прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура можа прывезці з Масквы ў Мінск збеглага супрацоўніка ЦРУ Эдварда Сноўдэна.

«Цяпер з’яўляецца вялікая колькасць чутак вакол палітычнага дысідэнта Сноўдэна. Мы не лічым неабходным іх каментаваць», — заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Раней расійская газета «Известия» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзідэнта Расіі напісала, што Мадура можа асабіста вывезці Сноўдэна з Масквы.
Паводле інфармацыі выдання, пытанне аб даванні палітычнага прыстанішча Сноўдэну будзе ўздымацца на сустрэчы Мадуры і Уладзіміра Пуціна. «Але канчатковае рашэнне пра магчымасць давання палітычнага прытулку і спосаб перамяшчэння ў Каракас прыме Нікалас Мадура», — паведаміла крыніца.

Мадура будзе ўдзельнічаць у газавым саміце ў Маскве 1–2 ліпеня, а затым мае намер адправіцца ў Мінск, дзе запланавана яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Некалькі дзён таму Нікалас Мадура заявіў, што гатовы дапусціць на тэрыторыю сваёй краіны былога супрацоўніка ЦРУ, які расказаў журналістам аб праграме па зборы асабістых звестак грамадзян, калі атрымае ад яго адпаведную просьбу.
Раней паведамлялася, што Лукашэнка можа даць прытулак Сноўдэну.
Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па міжнародных справах Леанід Калашнікаў. Чыноўнік не выключыў верагоднасці таго, што з Масквы былы агент ЦРУ можа накіравацца ў Мінск.

Паводле слоў Савіных, да гэтага моманту Сноўдэн не звяртаўся да беларускага боку з просьбай аб даванні палітычнага прытулку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?