У ліпені ў Беларусі чакаецца цёплае, часам спякотнае надвор’е. Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

Паводле слоў спецыяліста, сярэднямесячная тэмпература паветра чакаецца на адзін градус вышэйшай за кліматычную норму — 18–19°С, месцамі — на два градусы вышэйшай за норму. Выпадзенне ападкаў прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 74–97 мм).

У сераду, у Дзень Незалежнасці, у Мінску чакаецца пераменная воблачнасць, у другой палове дня ёсць верагоднасць, што месцамі па горадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература ноччу плюс 11–13°С, днём плюс 23–25°С.

На гэтым тыдні Беларусь чакае няўстойлівае, вільготнае надвор’е, на якое будзе ўплываць вільготнае паветра, прагназуюцца дажджы з навальніцамі. У аўторак на большай частцы тэрыторыі будзе без ападкаў, толькі па ўсходзе Магілёўскай вобласці, месцамі па Гомельскай і Брэсцкай абласцях могуць прайсці кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Раніцай верагодны слабы туман. Тэмпература паветра ноччу плюс 7–14°С, днём плюс 20–25°С.

У сераду таксама месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература ноччу плюс 9–16°С, днём плюс 20–27°С, па паўднёвым захадзе — да 29°С.

«У другой палове тыдня на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць больш цёплае паветра, але па-ранейшаму вільготнае, тэмпература пачне паступова павышацца», — зазначыў Рабаў.

У чацвер тэмпература ноччу плюс 16–18°С, днём плюс 22–28°С, па паўднёвым усходзе краіны да плюс 29°С, месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы.

У пятніцу часам кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература ноччу плюс 12–19°С, днём плюс 22–29°С, па ўсходзе — да плюс 30°С.

У суботу тэмпература ноччу складзе плюс 12–20°С, днём плюс 22–29°С, па ўсходзе — да плюс 30–32°С. Днём месцамі магчымыя кароткачасовыя дажджы з навальніцамі.

Тэмпература вады ў вадаёмах складае 17–22°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?