Чаканні беларускага грамадства ад Дыялогу па мадэрнізацыі значна вышэйшыя, чым мы меркавалі спачатку, — пра гэта заявіў у інтэрв’ю «Свабодным навінам плюс» еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле.

— Якую навуку даў першы этап Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам?

— Дазвольце мне, перш за ўсё, падкрэсліць, што

ніякая мадэрнізацыя Беларусі немагчымая, калі яна не вызначаная і не рэалізуецца самім беларускім грамадствам і беларускім народам.
Еўрапейскі саюз і асабліва яго «маладыя» дзяржавы-члены, якія самі нядаўна перажывалі пераходны перыяд і пераўтварэнні, могуць адыграць важную ролю ў абмене назапашаным досведам. Па-другое, што не менш важна і зразумела, —
немагчыма мадэрнізаваць толькі эканоміку. Эканамічная мадэрнізацыя павінна ісці рука аб руку з больш шырокай мадэрнізацыяй грамадства.

Нягледзячы на тое што спачатку ўдзел у дыялогу бы ў менш актыўным, праз год пасля яго запуску мы адзначаем вялікую цікавасць да гэтай ініцыятывы, ёсць жаданне палепшыць яе і ўцягнуць больш шырокі спектр грамадства, больш шырокую групу зацікаўленых бакоў.

— Што новага ў гэтым інструменце ў параўнанні, напрыклад, з ініцыятывай «Усходняга партнёрства»? Ці існуе каардынацыя і карэляцыя паміж гэтымі інструментамі?

— Прэса і іншыя назіральнікі апісваюць Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам як «інструмент», які можна было б выкарыстоўваць для станоўчых пераўтварэнняў, і як «сродак», які спрыяе правядзенню рэформаў у Беларусі. Некаторыя нават называюць дыялог «палітыкай ЕС у дачыненні да Беларусі». Абмен думкамі пра тое, як магла б выглядаць павестка дня такой мадэрнізацыі, а гэта і ёсць наша заяўленая мэта, — звычайны працэс, характэрны для любога дэмакратычнага грамадства.

У Беларусі маштабы дыялогу ў апошні год значна пашырыліся. Як вынік, і чаканні ад яго нашмат большыя. Аналізуючы эфекты, трэба памятаць пра гэта.

Нават нягледзячы на тое, што дыялог з’яўляецца канкрэтнай ініцыятывай ЕС, яго нельга параўноўваць з «Усходнім партнёрствам» або іншымі ініцыятывамі. Ініцыятарамі, арганізатарамі і распрацоўшчыкамі дыялогу з’яўляюцца самі беларускія ўдзельнікі.

— Ці вядуцца кансультацыі з беларускімі ўладамі аб уключэнні іх у працэс дыялогу? Якія перспектывы?

— З самага пачатку ЕС надаваў вялікае значэнне ўключэнню беларускіх уладаў, каб забяспечыць устойлівасць мадэрнізацыйная позвы. Былі праведзеныя абмеркаванні з МЗС Беларусі.

Беларускі бок даў зразумець, што гатовы да далейшага абмеркавання гэтага пытання. Кансультацыі будуць працягвацца.

Таксама ні для каго не сакрэт, што пазіцыя Еўрасаюза ў дачыненні да аднаго аспекту гранічна ясная: беларускае грамадства павінна разглядацца ўладамі як раўнапраўны суразмоўца (бок) у працэсе дыялогу.

— Беларуская грамадзянская супольнасць занепакоеная тым, што ўлады ў выпадку іх уключэння ў дыялог будуць настойваць на выключэнні грамадзянскай супольнасці з працэсу. Якім вы бачыце вырашэнне гэтай праблемы?

— Як я ўжо казаў, адказваючы на папярэдняе пытанне, у будучыні працэс павінен быць адкрытым для ўсіх: уладаў Беларусі, еўрапейскіх інстытутаў, ужо уцягнутых і іншых адпаведных зацікаўленых прадстаўнікоў беларускага грамадства.

— Якія асаблівасці другога этапу дыялогу? Якія перспектывы дасягнення пастаўленых мэтаў?

— Мы спадзяемся, што новы этап дыялогу будзе стымуляваць даследаванні і дыскусіі па пытаннях мадэрнізацыі, дапаможа ўсталяваць кантакты паміж беларускімі спецыялістамі і іх калегамі з краін ЕС, дасць магчымасць павысіць кваліфікацыю яго ўдзельнікаў, напрыклад, праз навучанне.

На мой погляд, дыялог і надалей павінны весці, арганізоўваць і развіваць самі беларускія ўдзельнікі. Дыялог можа эвалюцыянаваць і ахапіць больш шырокае кола пытанняў мадэрнізацыі, у працэс таксама могуць быць ўцягнутыя іншыя зацікаўленыя бакі.

Мы таксама хочам працягнуць знаёміць беларускія ўлады з асноўнымі напрамкамі дыялогу, у тым ліку, прымаючы пад увагу бягучы міжгаліновы дыялог Беларусь — ЕС. Гэта магло б дапамагчы палепшыць разуменне таго, якая мадэрнізацыя патрэбна беларускаму грамадству і якую падтрымку змог бы аказаць ЕС, калі дазволіць палітычная сітуацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?