Плошча Дзяржаўнага сцяга была адкрыта 2 ліпеня каля новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі на праспекце Пераможцаў. На цырымонію сабралі каля 6000 студэнтаў і школьнікаў пад наглядам ідэолагаў і шматлікіх агентаў у цывільным.

Цырымонія прайшла з вялікай помпай і транслявалася ўжывую на ўсіх каналах тэлебачання.

Сцяг памерам 14×7 м быў узняты на 70-метровы флагшток, усталяваны ў цэнтры пляцоўкі. Затым быў выкананы гімн, які суправаджалі залпы артылерыйскага салюту, а ў канцы неба над сталіцай ўпрыгожылі агні феерверка і было выпушчана 10 тысяч паветраных шароў колераў дзяржаўнага сцяга.

На цырымоніі таксама распачалі новую афіцыйную традыцыю прынясення прысягі вернасці Дзяржаўнаму сцягу Рэспублікі Беларусі — «сімвалу і апоры незалежнасці і дзяржаўнасці». Сёння прысягу прынеслі: ветэран вайны, удзельнік вызвалення Мінска генерал-маёр Аляксандр Фень, навучэнец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Віктар Агееў, двухразовая чэмпіёнка свету па біятлоне, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў Дар’я Домрачава, пераможца першынства Беларусі па мастацкай гімнастыцы Дар’я Якутовіч, гендырэктар БелАЗа, Герой Беларусі Павел Марыеў, лаўрэат спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможца міжнародных алімпіяд па матэматыцы Дзяніс Пірштук, зорка оперы, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава і лаўрэат спецфонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандра Няхай.

Такі склад удзельнікаў прысягі мае сімвалізаваць вернасць усіх пакаленняў і слаёў насельніцтва цяперашняму палітычнаму рэжыму і ягоным сімвалам.

Сярод пачэсных гасцей цырымоніі быў прэзідэнт Лаоса Цюмалі Сайнясон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?