03.09.2007 / 11:42

80-годзьдзе Алеся Адамовіча 1

Зьняты новы дакумэнтальны фільм паводле апошніх нататнікаў Алеся Адамовіча «Падарожжа зь Менску ў Маскву і назад».


Алесь Адамовіч

Ніякіх урачыстасьцяў з нагоды 80‑годзьдзя знанага пісьменьніка, кінасцэнарыста і грамадзкага дзеяча сёньня не заплянавана. Ня выдадзена ў дзяржаўных выдавецтвах новых кнігаў Алеся Адамовіча, не ўшанаванае імя пісьменьніка ў назвах ніводнай вуліцы ў мясьцінах, зьвязаных зь ягоным жыцьцём, па‑ранейшаму чакае музэйнай экспазыцыі яго родная хата ў вёсцы Глуша, што на Бабруйшчыне. Хоць пісьменьнік пайшоў з жыцьця ўжо трынаццаць гадоў таму.

Трэба адразу агаварыцца, што сёньняшняя дата афіцыйная, замацаваная ў даведніках і энцыкляпэдыях. Яна была і ў пашпарце пісьменьніка, але насамрэч Алесь Адамовіч нарадзіўся ў іншы дзень і год, сказала дачка Натальля:

«Ён з 1926 году. Мы ў мінулым годзе самі для сябе сям’ёй адзначылі 80‑годзьдзе. А яшчэ і месяц іншы — не 3 верасьня, а 3 жніўня дата нараджэньня».

Блытаніна з годам, кажа спадарыня Натальля, зробленая маці будучага пісьменьніка наўмысна, каб непаўнагадовага не пагналі немцы пад час вайны на прымусовыя працы ў Нямеччыну. А зь месяцам — невядома чаму так. Спадарыня Натальля прыгадвае, што дома заўжды адзначалі дзень народзінаў Алеся Адамовіча 3 жніўня:

«Усё жыцьцё мы сьвяткавалі дома 3 жніўня. А 3 верасьня — гэта ўжо афіцыйнае было сьвяткаваньне. На 60 гадоў, памятаю, у Глушу езьдзілі, там яму адсьвяткавалі тады шырока — у клюбе, у школе было сьвята, ёсьць фотаздымкі, фільмы адтуль».

»Мяне папрасілі, каб я наняла мясцовых жыхароў і пафарбавалі хату, каб зрабілі зьнешні добры выгляд»

Да 80‑годзьдзя ніякіх урачыстасьцяў у Глушы ня будзе, хоць мясцовае начальства з году ў год абяцае стварыць там музэй знакамітага земляка‑пісьменьніка. Даходзіць, распавядае спадарыня Натальля, да анэкдотаў.

«У мінулым годзе, калі дажынкі ладзіліся ў Бабруйску, то начальства пабаялася, што іх удзельнікі будуць ехаць праз Глушу. І мяне папрасілі, каб я наняла спонсарамі мясцовых жыхароў і пафарбавалі хату, каб зрабілі, так бы мовіць, зьнешні добры выгляд».

Цяпер пафарбаваная хата стаіць зачыненая. Спадарыня Натальля зьвярнулася да Магілёўскіх абласных уладаў з просьбаю паскорыць стварэньне ў Глушы музэя Алеся Адамовіча.

«Яны і не адмаўляюцца: кажуць, што можа ў наступным годзе яны закладуць грошы пад гэта ў бюджэт».

На расейскім тэлеканале «Культура» сёньня будзе паказаны новы дакумэнтальны фільм паводле апошніх нататнікаў Алеся Адамовіча «Падарожжа зь Менску ў Маскву і назад», які зьняла вядомая беларуская кінадакумэнталістка Галіна Адамовіч. А на беларускім тэлеканале «Лад» анансаваны на сёньня фільм Сяргея Агеенкі «Адкрыцьцё», паводле апошняй кнігі Адамовіча пра Чарнобыль «Імя гэтай зорцы палын…»

Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча, якую штогод у гэты дзень уручае Беларускі ПЭН‑цэнтар, сёлета ўручаная яшчэ ў студзені. Яе ляўрэатам стаў Павал Севярынец за кнігу «Лісты зь лесу», якая тады яшчэ існавала толькі ў «нашаніўскім» газэтным варыянце, а яе аўтар адбываў пакараньне на прымусовых працах на лесапавале.

Валянціна Аксак, «Радыё Свабода»

0
прахожы / Адказаць
04.09.2007 / 20:12
нажаль .Дзе ляжыць камень пад Глушай . ПРыеджаем тольки мы Бабруйчайне дзязька Алесь гэта усе " саюзны "АУТАРЫТЕТ
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру