Станіслаў Шушкевіч

Учора Беларускае тэлебачаньне ў выніковай нядзельнай «Панараме» паказалі рэпартаж аб тым, што былы сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч зьяўляецца прыхільнікам «Царквы аб’яданьня», якая прызнаная ў Беларусі дэструктыўнай сэктай.

У інтэрвію НН Станіслаў Шушкевіч катэгарычна абвергнуў інфармацыю Першага каналу:

«Ні ў якія сэкты я не ўваходзіў, не ўваходжу і ўваходзіць ня буду, — адразу адзначыў Станіслаў Шушкевіч. — Разам з тым, я насамрэч знаёмы зь лідэрам «Царквы Аб’яднаньня» Сан Мэн Мунам. Знаёмы так, як і мітрапаліт менскі і слуцкі Філарэт, як былы кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў, дэпутаты польскага і літоўскага сэймаў, як расейскі парлямэнтар Міронаў. Я неаднаразова з задавальненьнем удзельнічаў у сьвецкіх канфэрэнцыях і сэмінарах, якія спансараваў Мун. Упершыню з гэтым чалавекам я сустрэўся ў 1992 годзе ў Сэуле. Пасьля былі яшчэ сустрэчы ў той жа Паўднёвай Карэі, ЗША, Маскве, Вільні. Прызнаюся шчыра, мне падабаюцца міратворчыя ідэі мунізму. Гэтыя людзі не ўжываць алькаголю і жывуць па хрысьціянскіх прынцыпах, таму мне яны вельмі імпануюць. Не разумею, чаму гэта царква ў Беларусі прызнаная сэктай. Дарэчы, 15 верасьня я разам з жонкай лячу ў Нью‑Ёрк на чарговы сэмінар, які арганізоўваецца пры спонсарскай падтрымцы Муна. Але хачу запэўніць, бліжэйшай канфэсіяй для мяне застаецца каталіцызм».

Станіслаў Шушкевіч перакананы, што правакацыя БТ зьвязаная зь ягоным вылучэньнем на Нобэлеўскую прэмію міру.

«Калі ад пачатку я меў толькі паўпрацэнта шанцаў на атрыманьне прэміі, то цяпер мае каціроўкі павысяцца да працэнта, за што дзякуй нашым тэлевізійнікам», — сьмяецца Станіслаў Станіслававіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?