У Мінску на выставе
Інтэрнэт узрушыла відэа з аграгарадка Знаменка. Карову падымаюць каўшом пагрузчыка і з вышыні скідаюць у кузаў грузавіка.
Ферма гаспадаркі «Агравіта» Брэсцкага раёна.
Інтэрнэт узрушыла відэа з аграгарадка Знаменка. Карову падымаюць каўшом пагрузчыка і з вышыні скідаюць у кузаў грузавіка. Ды — чуваць на запісе — яшчэ і выскаляюцца з беднай рагулі.
Гэтыя відэакадры былі апублікаваныя на сайце нашай газеты. Канечне, яны выклікалі ўсеагульнае абурэнне. Ужо на наступны дзень пасля публікацыі ў гаспадарку прыехала праверка са сталіцы, з дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Правяралі абыходжанне з каровамі. А трэ’ было б разабрацца з адносінамі між людзьмі.
З сельгаспрадпрыемства «Мяднянская птушкафабрыка» да нас у газету спачатку звярнуліся даяркі. І толькі потым выплыла відэа пра кароваў.
Аб’ядналіся — і расчараваліся
Першы канфлікт узнік восенню. Тады Мяднянскую птушкафабрыку ў Брэсцкім раёне аб’ядналі з гаспадаркай «Агравіта». Прызначылі новага дырэктара. Былую кіраўніцу Таццяну Лешык даяркі з фермы ў аграгарадку Знаменка ўспамінаюць добрым словам. Тады былі заробкі. А цяпер — слёзы.
Калі мы размаўлялі з даяркамі першы раз, у пачатку месяца, яны чакалі заробак 1,5 мільёна. У сапраўднасці аказалася яшчэ менш. «За май выплацілі каму 1,2 мільёна, Каму — 1,3. На прозвішчы ад А да Д — выдалі, астатнім пакуль не. І не выдалі разліковых лісткоў, таму не ведаем нават, за што так мала», — расказалі на ферме.
Першы раз прыцягнуць увагу да праблем сваёй фермы жанчыны паспрабавалі ў лістападзе. Напісалі ліст у абласную газету «Заря». Што каровы часта стаяць галодныя, іх не лечаць — і яны перастаюць даваць малако. А менш малака — меншыя заробкі.
Дырэктар Уладзімір Дземенціюк тады спісаў усё на саміх работнікаў, якія, на яго думку, кепска працуюць.
Прайшло сем месяцаў, а праблемы засталіся. Даяркі цяпер звярнуліся ўжо ў Мінск, у «Нашу Ніву».
Помсціць?
«Расцэнак на малако мы не ведаем. Мы не ведаем, за што нам грошы налічваюць. Дырэктар і размаўляць з намі не хоча. Па дамове заробкі павінны выплачваць 19 га чысла, а мы атрымліваем са спазненнем, бывае толькі 30—31-га. Мы камуналку не можам аплаціць своечасова», — проста плачуць жанчыны.
Сапраўды, пражыць за паўтара мільёна, а тым больш мільён дзвесце, пры сённяшніх цэнах цяжка.
У газету часам звяртаюцца гарлапаны, дэмагогі, якія хацелі б усё і адразу. Жанчыны са Знаменкі робяць іншае ўражанне. Яны не просяць «дайце грошай», яны просяць, каб была магчымасць нармальна рабіць і зарабляць. За неатрыманай капейкай яны бачаць безгаспадарлівасць кіраўніцтва.
Заробкі невысокія, бо малако ферма здае не найлепшай якасці. Чаму? «Халадзільнікі не працуюць, а грошай адрамантаваць няма. Таму малако пракісае. А вінавацяць нас. Мы па 20 дзён цялят выпойвалі, але ў разліковых лістках гэтага няма. Нам кажуць, што ўсё ўключана ў тарыф. Але мы спраўджвалі: так быць не можа. Выходзіць, што нам за гэта зусім не плацяць. Альбо мы камбікорм грузім. Па 90 кг на трактар грузім! І гэта таксама не аплачваецца».
На ферме — разруха, па словах жанчын. А новы дырэктар не можа, не ўмее вырашыць праблемы.
«Сіласныя ямы неўкамплектаваныя: кароў кармілі гніллём. Камбікорму на ферме зусім няма: праз даўгі ён не закупляецца. А ведаеце, якія каровы худыя без камбікорму! Трава на полі перарасла — амаль па шыю, — казалі работніцы журналісту на пачатку чэрвеня.—Каровы такую есці не будуць. Здаралася нават, што на кароўніку цялятаў раніцай пакормяць, а наступны раз толькі праз суткі...»
Па словах даярак, пасля іх пісьма ў газету «Заря» і звароту ў райвыканкам у мінулым годзе дырэктар пры начальстве паабяцаў усё вырашыць. Але пасля толькі заробкі «зрэзаў». «Помсціць нам так, ці што? — не разумеюць жанчыны. — Нам кажуць, каб яшчэ кожны месяц бралі на 10—20 працэнтаў ад заробку прадукцыяй птушкафабрыкі. Але навошта нам тыя сінія куры?»
«Нагаворваюць»
Дыкрэтар Мяднянскай птушкафабрыкі Уладзімір Дземенціюк адмаўляе ўсе абвінавачванні: «У нас халадзільнікі на полі. Дояць кароў, і малако паступае адразу ў халадзільнікі. А пасля ўжо яго збіраюць і вязуць на ферму.
Цяпер каровы кормяцца на пашы. І мы падкошваем на ноч частку травы. А раніцай, калі ідзе дойка, падкошваюць другую частку пашы. І так у шахматным парадку пастаянна». Запэўнівае дырэктар, што не можа быць, каб не было і кармоў: «І сілас, і сянаж леташнія яшчэ засталіся».
Ды назваў няпраўдай «зразанне» заробкаў даярак. «Некаторыя выпівалі, то мы іх вызвалілі, — так Дземенціюк тлумачыць нагаворы на гаспадарку. — Ёсць зрывы — ідэальнага нічога не бывае».
ТБ прыехала, ТБ паехала
Мы выставілі на сайце газеты відэа, як карову ў Знаменцы з пагрузчыка, цераз высокі борт кідаюць у кузаў.
Дырэкцыя прадпрыемства прызнала такі факт. Адбыўся ён 14 лістапада 2012. Тлумачэнне: у каровы была парваная звязка, і яе такім чынам вырашылі перавезці.
А пасля міністэрскай праверкі звольнілі загадчыцу фермы. Людзі ў Знаменцы кажуць, што гэта для адчэпкі: трэ’ было знайсці крайняга. Усё адно яна была ўжо на пенсіі.
Сітуацыю ж з заробкамі гэта не вырашыць, бо непасрэдна дырэктар іх вызначаў і будзе вызначаць, не загадчыца фермы.
Дырэктар Дземенціюк доўгі час працаваў у суседніх Страдзічах у гаспадарцы «За мір» пры моцным гаспадарніку Астапчуку. Пасля ён паматаўся па розных гаспадарках раёна. Нарэшце трапіў у Медна.
Мы пагаварылі з рознымі жыхарамі Знаменкі (колішняя назва — Дурычы) — маладзейшымі і старэйшымі. «Дурыцькі люды», як раней называлі жыхароў сяла, Дземенціюка ацэньваюць невысока. «Шэ не вспів оглянутыся, а вжэ начав выганяты, — кажуць пра яго. — Од тэі пэрэміны стало нэ ліпш, а гірш!» Работнікі лічаць, што старшыня Брэсцкага райвыканкама «ідзе ў Дземенціюка на паваду», а таму «парадку не будзе».
Малако кепска ідзе, бо няма корму. Абвінавацілі даярак і пастухоў. «А ў каровы малако на языку. Раз няма корму, няма і малака», — кажуць людзі.
Замкнёнае кола калгаснай гаспадаркі: кармоў няма, бо аграфірмы не маюць грошай. Не маюць грошай, бо эфектыўнасць работы нізкая. А эфектыўнасць працы нізкая, бо за паўтара мільёна сам ногі працягнеш.
Магчыма, трэба мяняць старыя кадры ў кіраўніцтве на маладыя. Але ці ёсць такія маладыя?
У кожным разе, ненармальна, каб людзі працавалі за такія ўбогія заробкі, ненармальна!
Афіцыйна
«Меры прымаюцца...»
Мы патэлефанавалі намесніку старшыні Брэсцкага райвыканкама Віктару Лукашэвічу. Ён з’яўляецца і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. «Меры прымаюцца. Ферму і гаспадарку трымаем на кантролі. Праблемы ёсць, асабліва гэтым летам. Але так, каб невырашальныя, няма. І калі вы размаўлялі з дырэктарам, значыцца, ён сказаў праўду».
Лукашэвіч дадаў, што ненармальна праз сем месяцаў выкладаць відэа ў інтэрнэт і паказваць, як кепска працуе кіраўніцтва. «Але ж дырэктар не можа за кожным бегаць. А грузілі і здымалі тыя ж людзі, што там працуюць. Гэта шкодніцтва».
$42 мільярды
Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што на праграму развіцця сельскай гаспадаркі ў 2005—2010 патрачана, у пераліку, 42 мільярды даляраў, хоць першапачаткова планавалася 35 мільярдаў.
$42 мільярды — гэта шмат? Так, за такія грошы можна купіць для сельскай гаспадаркі прыблізна 1,6 мільёна трактароў «Беларус-1221». Для параўнання, сёлета для правядзення вясеннепалявых работ у краіне мелася 45,8 тысячы трактароў. А гадавы бюджэт Беларусі на 2013 роўны 14,3 мільярда даляраў. Вялікія грошы гахнулі, а сяло не стала багатым.