Нікас Сафронаў.

Нікас Сафронаў.

Фота «Брестская газета».

Фота «Брестская газета».

Пабачыўшы ў Брэсце карціну «Аляксандр Лукашэнка ў касцюме часоў Францішка Скарыны» Нікаса Сафронава, наведвальнікі лезлі ў кішэню па мабільнікі, каб сфатаграваць нечаканы твор. У той жа дзень старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар асабіста адвёз карціну, якую мастак падарыў Лукашэнку, у Мінск.

«Наша Ніва» паразмаўляла з Сафронавым пра партрэты палітычных дзеячаў і паралелі паміж Францішкам Скарынам і Аляксандрам Лукашэнкам.

«Наша Ніва»: Вы шмат працавалі з палітычным партрэтам, якія асаблівасці мае гэты жанр?

Нікас Сафронаў: Палітычнага партрэта як жанру не існуе. Калі казаць пра партрэт палітычнага дзеяча, ён можа быць прадстаўлены ў гераічным вобразе, як, напрыклад, Напалеон на перавале Сан-Бернар пэндзля Давіда. Ёсць і гістарычны партрэт, на якім прадстаўленыя значныя палітычныя дзеячы, напрыклад, Франка або Піначэт, таксама існуе парадны афіцыйны партрэт, калі прэзідэнт малюецца ў касцюме з гальштукам, на фоне сцяга і іншых атрыбутаў сваёй краіны. Мастакі імкнуцца найбольш выгадна паказаць яго вобраз, падкрэсліваюць значнасць і статус, паказваюць яго як гістарычнага дзеяча.

«НН»: Як Вы абіраеце сваіх персанажаў?

НС: У першую чаргу гэта фінансавы інтарэс. Але гэта не галоўнае. Я таксама пішу і тых людзей, да якіх проста адчуваю павагу, незалежна ад іх пасады. Мяне прыцягваюць яркія асобы, якія дасягнулі поспеху і прызнання ў сваёй прафесіі. Хтосьці аднойчы сказаў: «Нікому не цікавы той, хто шукае мільён, але ўсім цікавы той, хто яго знайшоў». Таксама як і іншым, мне цікавыя тыя людзі, якія «знайшлі свой мільён», якія прымусілі казаць пра сябе, няхай гэта будзе Фідэль Кастра ці былы прэзідэнт Турцыі Сулейман Дэмірэль.

«НН»: Чаму Вы вырашылі напісаць партрэт Аляксандра Лукашэнкі?

НС: Я шмат гадоў ведаю Аляксандра Рыгоравіча, і ён быў мне заўсёды цікавы, бо з’яўляецца адной з самых яркіх палітычных фігур у сучасным свеце, бясконца творчым і харызматычным кіраўніком, які заўсёды прыслухоўваецца да голасу свайго розуму і голасу народа.

«НН»: Вядома, што ў кожнага з палітыкаў ёсць адметныя рысы, на якія мастакі звяртаюць увагу ў першую чаргу. Напрыклад, лоб у Леніна. На якія рысы Лукашэнкі звярнулі ўвагу Вы?

НС: Усмешка, прастата погляду, густыя вусы, якія яму так пасуюць, незвычайны лоб, уласцівы толькі таленавітым, я б сказаў, геніяльным людзям, добразычлівасць у зносінах!

«НН»: Вы пісалі партрэт па фатаграфіі?

НС: Не. З Аляксандрам Рыгоравічам мы некалькі разоў размаўлялі, і я ўважліва назіраў за ягоным тварам і жэстамі. Хоць ён адмыслова не пазіраваў, але даўно абяцаў.

«НН»: Ці атрымалі Вы водгук на сваю працу?

НС: Так, Аляксандр Рыгоравіч перадаў праз губернатара велізарнае вітанне і падзяку і таксама прапанаваў забяспечыць падтрымку маёй выставы ў Брэсце і ў іншых гарадах Беларусі, ён сказаў, што збіраецца асабіста адкрываць маю выставу ў Мінску, якая, спадзяюся, адбудзецца ў бліжэйшы час.

«НН»: У адным з інтэрв’ю Вы сказалі, што Аляксандр Лукашэнка згадзіўся пазіраваць Вам для наступнага партрэта.

НС: Мы шмат гадоў дамаўляемся, і Аляксандр Рыгоравіч не адмаўляецца. Ён, дарэчы, ніколі нікому не пазіраваў, але для мяне абяцаў зрабіць выключэнне. Некалькі разоў, калі мы з ім спрабавалі дамовіцца пра сустрэчу, ён паведамляў пра тое, што ў Яго — пасяўная або ўборачная, і пазіраванне для партрэта пераносіцца з месяца на месяц, з года на год. Але і я таксама праз сваю занятасць асаблiва не настойваю.

Прыдворны жывапісец

Работы Нікаса Сафронава каштуюць дзясяткі тысяч даляраў. Ён малюе зорак эстрады, алігархаў ды чыноўнікаў у выглядзе гістарычных славутасцяў.

Летась Сафронаў трапіў у непрыемную сітуацыю. Аказалася, што мастак махлярыць: друкуе свае карціны на прынтары, а пасля наносіць на выяву фарбу. Такія штампаваныя партрэты ён прадаваў як творы мастацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?