Выступоўцы раскідваліся кашулькамі, часткамі музычных інструментаў, а публіка ў адказ радасна трасла патламі ды раўла «мяса!».

Другая частка прэзентацыі «Metallection‑4», якая адбылася 31 жніўня ў клубе «Рэактар», засведчыла, што якасны «metall» не падуласны «старэнню».

Вечна маладыя душой выступоўцы і вядучы раскідваліся кашулькамі з адпаведным лагатыпам, часткамі музычных інструментаў, а публіка ў адказ радасна трасла патламі ды раўла «мяса!».

Музычныя зборкі, падобныя да «Metallection‑4» прыхільнікі цяжкога року чакаюць як «маны нябеснай» — на сённяшні момант праект не мае аналагаў на Беларусі. Аднак, такая адсутнасць канкурэнтаў не перашкаджае арганізатарам удасканальвацца ў плане арганізацыі канцэрту і імкнуцца да еўрапейскай якасці музыкі.

Як вынік — так званага «разагрэву» на прэзентацыі «Metallection‑4» заўважна не было. Канцэрт пачаўся «з месца ў кар’ер» прывітаннем гітарыста Nightside glance, ахвяраваўшага сваім фанатам пас ад інструменту.

Zygimont Vaza сыграў частку старой праграмы, павесяліўшы прысутных добрай сумессю цяжкага року і рок‑н‑ролу і рыфмаваным радком «зашыхтуе ўсіх ушчэнт валасаты атрамэнт», пераробленым адмыслова пад «металічную» прэзентацыю.

«Вага» канцэрта ўзрастала па меры змены яго гуртоў — ад цяжкага рок‑н‑ролу да «metall». Наступным этапам павелічэння колькасці «металу» ў выступах была «вялікая надзея» арганізатараў — гурт Soulsides, і гурт Euphoria.

Фінальны акорд у прэзентацыі сыграў спецыяльны госць прэзентацыі Vicious Crusade. Доўгая адсутнасць на сцэне і англамоўны тэкст песень (з выразным беларускім зместам!) не здолелі перашкодзіць яго фанатам сустрэць «вішэсаў» як след. Такія песні, як Lost Generation, спявала ўся заля. Некаторыя з фанатаў спецыяльна прыехалі з рэгіёнаў, каб прывітаць вяртанне Vicious Crusade і сфатаграфавацца «з ІМІ»!

Адзінае, што не ўсім гуртам хапіла часу для поўнага выступу. А сыграць было што. Магчыма, арганізатарам адзінага беларускамоўнага цяжкога фэсту на Беларусі — BMA (Беларуская Музычная Альтэрнатыва), Паўлюку Йермаку, Сяргею Азаранку (Astron) і Андрусю Старавойтаву — варта падумаць над правядзеннем «Metallection‑5» у тры часткі.

Дар'я Гарошка

Здымкі Арсеня Пахомава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0