Віцэ-прэм'ер Сямашка

Сёньня ў Брусэлі пачынаецца канфэрэнцыя па пытаньнях эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Упершыню на мерапрыемстве такога кшталту будуць прысутнічаць высокія беларускія чыноўнікі. У Менску гэты факт стараюцца не афішаваць. Экспэрты зьвязваюць маўчаньне беларускага ўраду з распачатай на эўрапейскім полі яго гульнёй на паніжэньне даверу да расейскага газавага манапаліста, паведамляе Независимая газета.

Менск імкнецца зблізіцца з краінамі ЭЗ, куды высокім беларускім чыноўнікам уезд забаронены, у рамках санкцый ЭЗ, выкарыстоўваючы свае рознагалосьсі з Расеяй. У прыватнасьці, лічаць экспэрты і мясцовыя назіральнікі, ёсьць усе падставы меркаваць, што беларускаму кіраўніцтву выгадная спрэчка з «Газпромам» — як фон для наладжаваньня ўзаемадачыненьняў з Эўропай. Эўрапейскія дыпляматы неаднаразова цягам году падкрэсьлівалі, што пасьля леташняга пераднавагодняга шоку яны па‑іншаму паглядзелі на дачыненьні зь Беларусьсю. «Мы ў адной энэргетычнай лодцы», — давялося неяк пачуць ад прадстаўнікоў нямецкай дыпляматычнай місіі.

Пакуль Эўропа не адмаўляецца ад раней сфармуляваных умоваў супрацоўніцтва з афіцыйнай Менскам. Нагадаем, што для вядзеньня перамоваў называліся дэмакратычныя рэформы і вызваленьне палітвязьняў. Аднак, верагодна, нейкі дыялёг ідзе. Ва ўсялякім выпадку Беларусь запрошана ў якасьці краіны —назіральніка на канфэрэнцыю па пытаньнях эўрапейскай палітыкаі добрасуседзтва. Пра тое, што ў Брусэлі чакаюць Уладзімера Сямашку, СМІ паведамілі са спасылкай на эўракамісара па зьнешнім сувязям і палітыцы добрасуседзтва Бэніту Фэрэру‑Вальднэр.

Пакуль першы намесьнік беларускага ўраду ваяжуе па Эўромпе, у яго на радзіме раскручваецца новы газавы скандал. Беларускія чыноўнікі знайшлі хібы ў разьліку цаны на газ і будуць прапаноўваць «Газпрому» іх ліквідаваць. Пра гэта заявіў намесьнік дыржктара «Белтрансгаз» В. Валчуга.

«Формулу можна па‑рознаму чытаць, і на якую велічыню падвышаць цану на газ — гэта пытаньне», — паясьніў ён журналістам галоўны недахоп агавораны ў 4‑гадовым кантракце між «Газпромам» і «Белтрансгазам» схемы разьліку цаны газу. Паводле словаў чыноўніка, беларускі бок не задавальняе тое, што будучую цану «нельга адчуць» ужо сёньня. Яна будзе зразумелая толькі да сярэдзіны студзеня, калі канчаткова складзецца цэнавая кан’юнктура. Нягледзячы на гэта, у Менску наперад гатовыя да традыцыйнай пераднавагодняй спрэчкі з «Газпромам» «Прыняць адназначна новую цану мы наўрад ці пагодзімся», — сказаў Ваўчуга. «Трэба будзе прымяняць аргумэнтацыю, — падзяліўся ён плянамі. — І мы спадзяемся, што «Газпром» успрыме гэта з разуменьнем», — сказаў ён. Паводле інфармацыі «НГ», Менск мае прапанаваць «Газпрому» замяніць схему разьліку сапраўднай матэматычнай формулай, якая б дазваляла бачыць, ад якой велічыні залежыць цана газу.

Нагадаем, што кантракт, падпісаны бакамі за 1 хвіліну да пачатку 2007 г., прадугледжвае, што у 2008 г. цана газу для Беларусі мае скласьці 67% от сярэднеэўрапейскай мінус транспартныя выдаткі. Абмяркоўваючы газавую тэму, экспэрты адзначаюць, што адназначна адказаць на пытаньне, якая канкрэтная планка гэтай сярэднеэўрапейскай цаны, сапраўды немагчыма. Калідор эўрапейскіх цэнаў — 250—300 дал. за 1 тыс. куб. м. На думку беларускага эканаміста Леаніда Заікі, за аснову можна прымаць цану на газ для Нямеччыны. «Ад 280 даляраў — цаны паставак адымаем 30 даляраў транспартных выдаткаў і атрымліваем 250 даляраў. Гэта тая цана, якую павінна плаціць Беларусь без уліку гэтых савецкіх кантрактаў». Калі ж прымяніць паніжаючы каэфіцыент, выйдзе 167 дал. за 1 тыс. куб. м. Гэтая цана намнога вышэйшая за тую, якая называлася беларускім урадам, як арыенцір у перамовах з «Газпромам». Яна таксама за межамі цэнавага колідора, які называў на тым тыдні пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Праўда, ёсьць экспэрты, якія называюць і вышэйшыя цэны. Напрыклад, 200 дал. за 1 тыс. куб. м.

***

Тым часам інфармацыйнае агенцтва БелТА паведамляе, што ў канфэрэнцыі ў Брусэлі, на якую запрошаныя высокапастаўленыя прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў дзяржаў - членаў ЕС і краін, на якія распаўсюджваецца дзеянне еўрапейскай палітыкі суседства (Алжыр, Арменія, Азербайджан, Беларусь, Егіпет, Грузія, Ізраіль, Іарданія, Ліван, Лівія, Малдова, Марока, Палесцінская аўтаномія, Сірыя, Туніс, Украіна) -- Беларусь будзе прадстаўляць намесьнік міністра замежных спраў Валер Варанецкі.

***

Аспрэчыла інфармацыю пра візыт У. Сямашкі ў Брусэль в.а. прэс-сакратара МЗС Марыя Ваньшына. «Беларусь на канфэрэнцыю прадстаўляе намесьнік міністра замежных спраў Валер Варанецкі», - заявіла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0