Былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка, а цяпер намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч не здымае з сябе віны за дэвальвацыю 2011 года. Пра гэта ён заявіў у газеце «Республика» падчас «прамой лініі», стэнаграма якой апублікавана 5 ліпеня.

«Так, я вінаваты ў тым, што ў маі 2011 года пад маім кіраўніцтвам была праведзена разавая значная дэвальвацыя беларускага рубля. Рэальная сітуацыя ў эканоміцы не дазваляла абысціся ў той перыяд часу без значнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.
Але ў мяне было два варыянты. Першы — правесці разавую дэвальвацыю, што было лепшым варыянтам для эканомікі краіны ў той час, але вельмі негатыўным для мяне як старшыні праўлення Нацбанка Рэспублікі Беларусь. Другі варыянт заключаўся ў тым, каб правесці такую дэвальвацыю на працягу 2–3 месяцаў. Гэта быў горшы варыянт для краіны ў той перыяд часу, але лепшы варыянт для мяне як старшыні праўлення Нацыянальнага банка, у тым ліку і па пытанні абяцання не праводзіць разавую дэвальвацыю», — растлумачыў Пракаповіч.

«Быў рэалізаваны першы варыянт, і ў такой сітуацыі я не меў права далей працаваць на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь», — дадаў ён.

Пётр Пракаповіч таксама адказаў на пытанне пра верагоднасць новай дэвальвацыі; паводле яго меркавання, аб’ектыўных прычын для яе няма. «Давайце разам падумаем.
Калі золатавалютныя рэзервы краіны большыя за 8 млрд. долараў ЗША, і з пачатку года яны не скараціліся, і мы выплачваем усе знешнія і ўнутраныя даўгі, станоўчае сальда куплі валюты Нацыянальным банкам больш як 1 млрд. долараў ЗША, а ў наступным годзе плануецца нарасціць золатавалютныя рэзервы да 10 млрд. долараў ЗША. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што аб’ектыўных прычын для дэвальвацыі нацыянальнай валюты няма», — сказаў ён.
Дэвальвацыя, прадоўжыў экс-кіраўнік Нацбанка, — гэта вымушаная мера, якая прымяняецца тады, калі рэзка скарачаюцца золатавалютныя рэзервы краіны і з’яўляецца пагроза няўчаснай аплаты знешніх даўгоў.
«Гэта вопыт усіх краін, у тым ліку і наш, айчынны», — адзначыў Пракаповіч.

Паводле яго меркавання, трэба спакойна адсочваць сітуацыю з ЗВР і крытычна ставіцца да розных «крайніх» прагнозаў. «Мы павінны ўлічваць, што ёсць пэўныя сілы і невялікая частка нашых грамадзян, якія зацікаўлены пасеяць паніку ў насельніцтва, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне», — упэўнены віцэ-прэм’ер.

На гэта суразмоўца, які задаў пытанне, указаў Пракаповічу, што цяпер прадукцыя са складоў не прадаецца, растваральны бізнес таксама скончыўся, валютных паступленняў не будзе, і валютныя запасы пачнуць скарачацца.

Пётр Пракаповіч адказаў, што ўрад прымае неабходныя меры па скарачэнні складскіх запасаў і забяспечыць няўхільнае выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па гэтай праблеме.
Штомесяц Нацыянальны банк паведамляе пра стан золатавалютных рэзерваў, і кожны з нас самастойна можа аналізаваць сітуацыю.

«Я не супакойваю, а прапаноўваю самім аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю і не паддавацца паніцы, чытаючы неаб’ектыўныя прагнозы», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?