Ветслужбы абвяргаюць інфармацыю пра аб’яўлены на свінакомплексе агракамбіната «Усход» Магілёўскага раёна каранцін. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ветэрынарыі аблсельгасхарча Алена Шыбут.

«Матэрыял не адпавядае рэчаіснасці, — адзначыла Алена Шыбут. — Мабыць, такім чынам асобныя СМІ спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу. Сёння свінакомплекс „Усход“ — адзін з лепшых у краіне як у дачыненні да арганізацыі тэхналагічна-вытворчых працэсаў, так і ў плане біялагічнай абароны».

У Магілёўскай вобласці, як і па ўсёй краіне, арганізаваны спецыяльны комплекс мерапрыемстваў, падкрэсліла Алена Шыбут. Біялагічная абарона жывёл у рэгіёне забяспечваецца планамерна і штодня ў адпаведнасці з рабочым планам ветэрынарнай службы. Таму падстаў для турботы ў жыхароў вобласці няма.

Нагадаем, што 4 ліпеня Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу афіцыйна пацвердзіў факт успышкі АЧС у Віцебскім раёне.

***

Памятка насельніцтву: АЧС — прыкметы захворвання, меры бяспекі*

Афрыканская чума свіней (АЧС) — асабліва небяспечная высокакантагіёзная вірусная хвароба хатніх і дзікіх свіней, якая характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці. Гіне да 100% хворых свіней. Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння АЧС адсутнічаюць. Крыніцай хваробы з’яўляюцца хворыя свінні, якія вылучаюць вірус з мачой, калам, выдзяленнямі з носа ды інш.

Афрыканская чума свіней не ўяўляе небяспекі для здароўя людзей.

Перадаецца

Перадача захворвання здаровым жывёлам можа ажыццяўляцца праз заражаныя вірусам корм, посцілку, гной, трупы і прадукты забою жывёл (мяса, мясапрадукты, кроў).

Клінічныя прыкметы захворвання

Ад заражэння да з’яўлення клінічных прыкмет праходзіць 2–7 дзён. У жывёл павышаецца тэмпература цела да 42 градусаў, з’яўляюцца кашаль, ускладненні дыхання, знікае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца прыступы ванітаў і паралічу задніх канечнасцяў, на скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, у аснове вушэй, на пятачку і хвасце становяцца прыкметныя чырвона- фіялетавыя плямы.

Смерць наступае на 1–5 дзень, у рэдкіх выпадках пазней.

Каб пазбегнуць ўзнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней неабходна выконваць наступныя меры:

— праводзіць штодзённы агляд свіней з мэтай своечасовага выяўлення магчымага захворвання жывёл;

— не скормліваць свінням харчовыя адкіды і адходы, атрыманыя пасля забою свіней, праводзіць утылізацыю адходаў ва ўсталяваных месцах;

— не набываць корм і кармавыя дадаткі невядомага паходжання ў неўстаноўленых гандлёвых месцах (абавязковыя наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць паходжанне і бяспеку кармоў, наяўнасць дазволу на гандаль і г.д.);

— не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ў неўстаноўленых гандлёвых кропках, без ветэрынарных суправаджальных дакументаў;

— дапускаць ветэрынарных лекараў на тэрыторыю прыватных падворкаў для агляду свіней і правядзення мерапрыемстваў;

— неадкладна паведамляць пра ўсе выпадкі захворвання свінняў спецыялістам ветэрынарнай службы або сельскім выканаўчым камітэтам;

— не дапускаць наведвання асабістых падворкаў староннімі асобамі;

— пастаянна весці барацьбу з грызунамі;

— не завозіць свіней без ўзгаднення з Дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна з іншых рэгіёнаў.

Памятайце: Выкананне вамі гэтых рэкамендацый накіравана на папярэджанне заносу АЧС на тэрыторыю вашых падворкаў і прадухілення эканамічных страт.

*Інфармацыя Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0